Читать «Вусцішны пакой» онлайн - страница 3
Артур Конан Дойль
Яна зноў пасмялела. Ужо не было чаго адмаўляць. Яе твар стаў каменным і непахісным. Вочы калолі, нібы кінжал.
– Так, – сказала яна, – гэта быў Кэмпбэл.
– Божа мой! Чаму менавіта ён?!
Ён устаў і пачаў хадзіць па пакоі ўзад і ўперад. Кэмпбэл, самы высакародны з людзей, мужчына, чыё жыццё было прыкладам самаахвярнасці, смеласці і іншых вартасцяў абранцаў лёсу. Але і ён таксама зрабіўся ахвярай гэтай сірэны, якая зацягнула яго так нізка, што ён здрадзіў яму – калі не дзеяннямі, то ў намерах, – чалавек, чыю руку ён па-сяброўску паціскаў пры сустрэчах. Гэта было неверагодна – аднак ён чытаў гэты ўмольны ліст закаханага чалавека да ягонай жонкі збегчы з ім і падзяліць лёс чалавека з пустымі кішэнямі. Кожнае слова гэтага ліста паказвала, што Кэмпбэл прынамсі не думаў пра смерць Мэйсана, якая знішчыла б усе перашкоды. Гэтае д’ябальскае рашэнне было спараджэннем падступнага і злога розуму і ўзнікла ў сценах гэтага цудоўнага жытла.
Мэйсан быў рэдкі чалавек – філосаф, мысляр, прыязны і спагадлівы да іншых. На імгненне ён занурыўся ў гаркоту. За гэтую кароткую хвілю ён гатовы быў знішчыць і сваю жонку, і Кэмпбэла і сам пайсці на смерць са спакойнай душой чалавека, які выканаў свой сціплы абавязак. Але пакуль ён хадзіў туды-сюды па пакоі, у ім перамаглі больш міласэрныя думкі. Як ён мог абвінавачваць Кэмпбэла? Ён ведаў пра надзвычайную прывабнасць гэтай жанчыны. І гэта была не проста фізічная прыгажосць. У яе была унікальная здольнасць паказаць мужчыну, што ён цікавіць яе, яна магла пранікнуць у яго свядомасць, прабрацца ў самыя патаемныя закуткі яго душы і зрабіць выгляд, што скіроўвае яго на дасягненне мэты і нават на дабрачыннасць. Акурат у гэтым праяўлялася бязлітаснае падступства расстаўленай ёй сеткі. Ён памятаў, як было з ім. Яна была вольная – ці гэта ён так думаў? – і ён змог ажаніцца з ёй. Але калі ўявіць, што яна была не адна? Што яна была замужам. Што яна гэтаксама завалодала б ягонай душой. Ці змог бы ён стрымацца? Ці змог бы ён адступіцца ад сваіх няспраўджаных жаданняў? Ён ужо быў гатовы прыняць гэта з усёй мужнасцю чалавека Новай Англіі, на якую толькі быў здатны. Дык чаму ён павінен быў злавацца на свайго няшчаснага сябра, які апынуўся ў гэтым становішчы? Падумаўшы пра Кэмпбэла, ён адчуў шкадаванне і спагаду да яго.
А яна? Вось яна ляжыць на канапе, бедны, слабы матылёк, яе мары развеяліся, яе інтрыга выплыла на паверхню, яе будучыня цёмная і няпэўная. Нават у дачыненні да яе, атручальніцы, ягонае сэрца змякчылася. Ён крыху ведаў пра яе мінулае. Ведаў, што яна з нараджэння была распешчаным дзіцем, наравістым, свавольным, змятала ўсё на сваім шляху – розумам, прыгажосцю, шармам. Яна ніколі не сустракала перашкодаў. І цяпер, калі нешта паўстала на яе шляху, яна ўтрапёна і раз’юшана пачала знішчаць гэта. Але калі яна надумала знішчыць яго, ці не было гэта знакам таго, што ён не быў дасканалым, быў не тым чалавекам, які мог прынесці ёй душэўны спакой і сардэчнае задавальненне? Ён быў занадта суворы і стрыманы для гэтай жыццярадаснай і летуценнай натуры. Ён быў чалавекам з Поўначы, яна – з Поўдня, і жыццё звяло іх разам дзякуючы закону супрацьлегласцяў, але гэтага было мала для трывалага саюзу. Ён мусіў быў убачыць гэта – і зразумець. І адказнасць за гэта ляжала на ім з яго выдатным розумам. Яго сэрца змякчылася, нібыта яна была маленькім, бездапаможным дзіцем, якое сустрэлася з ліхам. Нейкі час у цішыні ён хадзіў па пакоі, яго вусны былі сцятыя, а рукі сціскаліся так, што на далонях заставаліся сляды ад пазногцяў. Але раптам ён прысеў ля яе і ўзяў яе халодную бязвольную руку ў сваю. Адзіная думка білася ў яго галаве: “Гэта высакароднасць ці слабасць?” Гэтае пытанне гучала ў ягоных вушах, ён уяўляў яго перад вачыма, ён амаль зрокава бачыў яго матэрыялізаваны вобраз – у літарах, якія мог прачытаць увесь свет.