Читать «Вусцішны пакой» онлайн - страница 2
Артур Конан Дойль
Амерыканцу было каля трыццаці гадоў, ён быў чыста паголены, атлетычнага целаскладу, апрануты ў выдатна пашыты вузкі касцюм, што падкрэсліваў яго зграбную паставу. Ён стаяў ля дзвярэй, склаўшы рукі і ўважліва ўглядаючыся ў сваю жонку, і калі б не жывыя вочы, яго прыгожы загарэлы твар хутчэй нагадваў бы маску. Яна ўсё яшчэ абапіралася на локаць, але цяпер яе вочы былі прыкаваныя да яго. Было нешта акрутнае ў гэтай маўклівай змене. Кожны дапытваў іншага, і кожны меркаваў, што адказ на яго пытанне быў пагібельны. Ён нібыта запытваў: “Што ты зрабіла?” Яна, у сваю чаргу, здавалася, казала: “Што ты ведаеш?” Урэшце ён увайшоў, сеў на мядзведжую шкуру каля яе, дакрануўся пальцамі да яе далікатнага вушка і павярнуў да сябе яе твар.
– Люсіль, – сказаў ён, – ты хочаш мяне атруціць?
Яна адхіснулася ад яго з жахам у вачах, спрабуючы запярэчыць. Яна была занадта ўсхваляваная, каб гаварыць, яна ўзмахвала рукамі, і вусны яе ўздрыгвалі ад здзіўлення і злосці. Яна паспрабавала ўстаць, але ён моцна схапіў яе за запясце. Ён паўтарыў пытанне, але гэтым разам ён уклаў у яго жудасны сэнс.
– Люсіль, чаму ты хочаш мяне атруціць?
– Ты звар’яцеў, Арчы! Звар’яцеў! – задыхалася яна.
Ад ягонага адказу кроў застыла ў яе жылах. З бледнымі, напаўраскрытымі вуснамі і белымі шчокамі, яна толькі і магла ўглядацца ў яго ў бездапаможнай цішыні, пакуль ён даставаў з кішэні маленькую бутэлечку і падносіў да яе твару.
– Гэта з тваёй скарбонкі! – ускрыкнуў ён.
Двойчы яна спрабавала загаварыць, але нічога не выходзіла. Урэшце павольна, адно за адным, з яе скрыўленых вуснаў з’яўляліся словы:
– Прынамсі я ніколі гэтага не выкарыстоўвала.
Ён зноў апусціў руку ў кішэню і дастаў з яе аркуш паперы, разгарнуўшы перад ёй.
– Гэта пасведчанне ад доктара Энгуса. Ён пацвярджае, што тут змяшчаецца дванаццаць гранаў сурмы. Таксама ў мяне ёсць доказы ад дзю Валя, аптэкара, які прадаў гэта.
На яе твар было страшна зірнуць. Ёй не было чаго сказаць. Яна толькі і магла ляжаць, безнадзейна ўтаропіўшы позірк у адну кропку, нібы драпежны звер, які трапіў у смяротную пастку.
– Ну? – спытаў ён.
Не было іншага адказу, апроч адчайнага і ўмольнага руху.
– Чаму? – спытаў ён. – Я хачу ведаць, чаму.
Гаворачы гэта, ён угледзеў край ліста, які вызіраў з яе дэкальтэ. Ён умомант схапіў яго. З крыкам роспачы яна намагалася вярнуць ліст, але мужчына ўтрымліваў яе адной рукой, пакуль ягоныя вочы бегалі па радках.
– Кэмпбэл! – задыхаўся ён. – Гэта быў Кэмпбэл!