Читать «Ладдзя Роспачы» онлайн - страница 2

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

То яны два вазы з футрамі, ваздухамі, залатымі дараносіцамі, ахвярнікамі, крыжамі святымі, дзе пацірамі і дзіскасамі ў яго адбілі ды павялі. Божую зрабілі справу, але не для славы Божай, а для мамоны сваёй. Так і не выкурылі іх з гнёздаў.

У багатых, але пацёртых уборах, светлавокія, заўсёды на падпітку. Вакол лірны гуд і дудны роў. На сёдлах – жанчыны. На плячах – сокалы. У сэрцах – няма Божага страху.

Рагачоўская грамада, усе мужы статэчныя і радцы, дзякуючы ім страцілі чалавечае падабенства. Ужо нібы не чалавечая зборня сядзела ў радзе і на капе, а статак галінастых аленяў. І не глядзелі алені адзін аднаму ў вочы ад вялікага сораму.

Адабралі яны жонак у пана земскага пісара, і ў пана лоўчага, і ў пана старасты, і ў пана кашталяна, і ў пана наглядчыка за бабровымі гонамі. А сам Гервасій Выліваха звёў і паіў вельмі многіх, і нават каханку палкоўніка Чыжа. Палкоўнік спаймаў іх з ліцом і кінуўся быў біць, то яны палкоўніка напаілі пад прымусам і, п’янага, павезлі ў госці да рагачоўскага пробашча, дзе палкоўнік з пробашчавай аканомкай аскароміўся, учыніўшы свальны блуд. Пробашч раніцою, з гарачкі ды болем у галаве пакутуючы, закаціў імшу і на той імшы пана Чыжа пракляў у імя рымскай царквы да дзевятага калена.

А потым здарылася дзіва. Знайшлі на замкавым падвор’і срэбную скрынку, якая ўпала з неба. Так нядаўна ўпала, што яшчэ цёплая была. А ў скрынцы – каштоўнасці. А на скрынцы – надпіс, што ўсё гэта дасылае святы Юры таму з горада, хто не парушыў ніводнага з Божых запаветаў.

Над гэтай скрынкай счапіліся ўсе. І замкавыя вялікія людзі, і касцельныя, і людзі царквы. Кожны хацеў давесці, што гэта яму, а таму іншых усіх паплюжыў і выкрываў. І выявілася, што толькі садомскага граху ў горадзе і не было. І так гэта было брыдка, што сяляне пасля таго цэлы год баяліся ездзіць на торг – калі ўжо там такія начальныя людзі. Ледзь на захірэў горад.

А скрынку тую, як выявілася потым, аб чым і дакумент быў завераны і схаваны ў ларніка1, зрабіў магілеўскі залатар Мацюшка.

А каштоўнасці ўсе чыста былі непраўдзівыя, фальшывыя. Вось табе і Юр’еў тэстамент!

Каменні тыя замовіў Андрэй Гарбаты, а скрынку – сам Выліваха. Дзіўны быў іхні хаўрус. Коней любілі – як татары ці вугры, сабакары былі – горш за ангельцаў, а ўжо што да жаночага полу – ратуй нас, Пане Божа, і злітуйся, гэткія антыхрысты.

Вербенай валасы намосцяць ды пад камяніцы, да паняў. У вочы глядзяць, як анёлы, а ў саміх ніжэй спіны хвост д’яблаў. І словы ж аднекуль бралі – “сонца ты маё астатняе, лада мая, ветразь мой на шляху да вечнага спасення“. А ноздры ў саміх – як у коней трапечуць.

Калі б перад каралём Цыкмунам пала столькі замкаў, колькі перад імі жонак – кароль бы ўладарыў паловаю свету.

Але каралю шанцавала не так.

Нічога ім не маглі ўчыніць, нават калі Гервасій Выліваха зрабіў замах на жонку магілеўскага войта. Войт быў па ўзросту скупаваты.

А жонка ў яго была баба добрая: чаго ні папрасі – не адмовіць.