Читать «Ладдзя Роспачы» онлайн

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Уладзімір Караткевіч

Ладдзя Роспачы

Рыгору Барадуліну

Жыў сабе год чатырыста назад у беларускім горадзе Рагачове небагаты, але добрага роду дваранін па прозвішчы Гервасій Выліваха.

Быў ён з калена Давойнаў, з клана – Мячоў, а якога герба – за даўнасцю год забылася. Усёй маёмасці яго было – замак-развалюха, некалькі коней веку мафусаілава, латы, ды меч, ды яшчэ шахматная дошка, але затое быў ён багаты сябрамі і неабдзелены жаночай увагай.

Сабою быў дзівосна гожы і пяшчотны, а паводзін – самых заганных. Хобаль, залётнік, піяка, задзіра, біток, бабздыр несамавіты. Не было на ўсёй зямлі беларускай падобнага яму. Ляхі такіх завуць – “завалідрога”, а мы, людзі роду крывіцкага, “адарвірог”, бо некалі, кажуць, такі ў самога Люцыпара рог сілком аддзерлі і зрабілі з яго келіх для пітва. Вады нальеш, і, сілаю самога рога, робіцца гарэлка. Я думаю – байкі гэта.

І сябры ў яго былі адпаведныя. Андрэй Гарбаты з Брачыславічаў, Кірык Балабан з Гультаёў, Галляш Вясна са Свінчуковічаў ды яшчэ Іра Францічак, за пераплёт на служэнне надзелены вёскай Мазурыкі, родам багемец, але п’янюга і бабскі ліслівец – на трох беларусаў.

Толькі ўсёй і працы ў іх было, што цягацца па корчмах і шынкарках ды па навакольных замках, калі гаспадара няма дома, піць віно, як Дняпро п’е Друць, ды дзярбаніць на лютнях і кімвалах багамерзкія песні.

Неяк жылі. Ставілі і бераглі дзяды і прадзеды мёд і віно – і выпіць яго за адно жыццё было цяжкавата нават Выліваху. У лясах была жывая закуска, касулі ды туры. На балотах свіязі, кражныя чагронкі, гразавікі, сярухі, шылахвосці. У рэках судакі, калекі, або балабы, самы, сіклы ды міроны, падусты, выразубы, язі ды галаўні, ляшчы ды бялёзны, страдалы, гусцёркі, свінні вадзяныя, сцярлядкі ды шчупакі.

І з іншым неяк абыходзіліся. У той час Магілеў з Рагачовам нават у Маскву пастаўлялі гатовае адзенне. Краўцоў было – грэблю масці. Так што порты, чугі ды плашчы абыходзіліся танна.

Набяруць гарэлкі, паедуць у лугі, дзіка заб’юць, ды на лаўцах пякуць дзічыну, ды песні гарлаюць – от і ўсё іхняе набажэнства Пану Богу за тое, што даў ім жыццё.

Нораў у гэтай грамады быў Дняпровы – на вярсту пяцьсот сажаняў звіву, – так што ніколі не ведаеш, чаго ад іх чакаць.

Нап’юцца ды, конныя, з кручы ў Дняпро скачуць. Або купяць за тры шэлегі плыт, усцягнуць на яго майно ды бочкі з Божай слязою, захопяць усіх дзяўчат з Вясёлай Слабады дый сплывуць так аж да Лоева. А мужам гарадскім у гэты час хоць ваўком вый.

З Лоева вяртаюцца на конях, мечаных гетманскай клейнай. І кажуць па-рознаму. То – “падарылі”, а то “купілі, плыт спрадаўшы”. Ды яшчэ смяюцца бессаромна, зубы нахабныя прадаюць.

Два разы стараста накладаў непарушную пячатку на іхняе дабро, за нясплату пазычанага. Думаў – сыдуць і ціха стане ў месце. То адзін раз яны – з нявыкруткі – загналі бацьку Палавуса, што дзесяць год са сваёй гайнёю па наваколлі блукаў і якога стараста з войскам спаймаць не мог.

Загналі і забралі ў яго ўвесь скарб.

А другі раз яшчэ мудрэй прыдумалі. Біскуп Смарагд хадзіў па наваколлі, зачыняючы грэцкага абраду цэрквы, а дабро іхняе рабуючы. Ездзіў, пёс касароты, як Мамай: наперадзе сам з войскам, а за ім абоз нарабаваны.