Читать «Блакит» онлайн - страница 9

Неизвестно

Бацька, маці напачатку не хацелі даваць веры, што прывёз таго самага Васілька, а як пераканаліся – разгубіліся, ня ведалі, як паводзіць з гэтакім шаноўным госьцем, што паставіць на стол, аднак не прайшло і пяці хвілінаў, а яны ўжо былі як даўнія знаёмцы. Прыгадвалі польскія часы, чыталі ягоныя вершы, а з бацькам даўспаміналіся, што ў вайну ў Шчанцы ў абодвум знаёмага Івана разам ціснулі самагонку. З таго часу бацька заўсёды перадаваў са мною яму пляшачку першаку. Неўзабаве нейкім чынам даведаліся суседзі і набілася паглядзець на Васілька ледзь ці ня поўная хата... Гамонка ў іх закончылася з другімі пеўнямі, калі я спаў сном праведніка. Назад паехалі назаўтра далей ад бяды – па добрай дарозе на Пратасаўшчыну. У гасьцініцы нас чакаў радасна-узбуджаны Пятро Прыходзька: паслухайце, якога верша напісаў, пакуль вы гулялі...

Я вельмі зьдзівіўся, калі даведаўся, што Міхась Восіпавіч ня член партыі. Чалавек, які напісаў столькі пранікнёных рэвалюцыйных твораў, на маё глыбокае перакананьне, проста ня мог ня быць членам партыі. Неяк выказаў яму сваё неўразуменьне. Міхась Восіпавіч глянуў дапытліва, трохі іранічна і аджартаваўся:

– Ды надта ж стары я, каб пачаць звацца маладым камуністам. Ну, і выпіваю – які ж з мяне камуніст...

Такі адказ, канечне, ня мог мяне задаволіць і я, не разумеючы, наколькі гэта нетактоўна, ня раз яшчэ прыставаў да яго з гэтым пытаньнем, і заўсёды ён далікатна ўхіляўся ад адказу, зводзячы ўсё на жарт. І па сёньняшні дзень Васількова беспартыйнасьць для мяне – неразгаданая таямніца. К таму часу распусчаная Сталіным КПЗБ як правакацына-шпіёнская была цалкам рэабілітаваная, ейным членам амаль аўтаматычна давалася членства КПСС, вяртаўся партстаж. Варта толькі было напісаць заяву ў парткамісію і спаслацца на сьведкаў. Васількова членства ў КПЗБ друкавана засьведчвалася ня толькі ягонымі паплечнікамі па рэвалюцыйнай дзейнасьці Максімам Танкам і Валянцінам Таўлаем, але і адным з арганізатараў і кіраўнікоў КПЗБ Мікалаем Арэхвам, які ў Інстытуце гісторыі партыі займаўся пытаньнямі рэабілітацыі. Чаму, здавалася, абсалютна лаяльны да савецкай улады Васілёк не схацеў пісаць заяву? Незразумела...

Для мяне ён быў крыштальна сумленны, да мяккасьці далікатны, тактоўны чалавек, сапраўдны інтэлігент і адначасова тыповы селянін – ня надта гаваркі, разважлівы, стрыманы, хто ніколі не выварочвае некаму напаказ сваю душу. Яго ніколі не карміла паэзія, ён сам сваім сялянскім мазалём карміў сваю паэзію. Я дзівіўся, не хацеў даваць веры, што за свае вершы пры санацыйным польскім рэжыме ён ня меў ні грошыка, выдаваўся за свой кошт, прадаючы на базары вырашчанае і намалочанае жыта, выгадаванага бычка ці цялушку. Паверыў, калі праз семдзесят-восемдзесят гадоў сам дажыў да таго ж самага пры рэжыме, які выдае сябе за народны і ня з меншым, а мо нават большым імпэтам і апантанасьцю вынішчае народную мову, літаратуру, культуру... Мо таму, што Міхась Васілёк надта ж добра ведаў цану хлебу, ягоная псіхалогія, звычкі на ўсё жыцьцё засталіся сялянскімі. Нават такая дэталька: машынальна, хутчэй за ўсё падсьвядома, на нейкім сакральным узроўні ён ніколі не дазваляў сабе змахнуць на падлогу хлебныя крошкі са стала, акуратна, самавіта зьмятаў іх у жменю і кідаў у рот. Як і мая маці, як і ўсе сяляне старэйшага веку. Тое ж міжволі часта рабіў і Васіль Быкаў. Амаль анекдатычны выпадак, які падкрэсьлівае генетычнае непрыняцьце марнатраўства, неашчаднасьці ягонай сялянскай натурай, што ўдосталь зьведала нястачаў і нягодаў: з нейкай дэлегацыяй ці групай Міхась Васілёк пайшоў на знакамітую мясцовую тытунёвую фабрыку, дзе гаспадары вялікадушна прапанавалі курцам прадэгуставаць шматлікія ўзоры сваёй прадукцыі. Стары курэц Міхась Восіпавіч надэгуставаўся так, што вывелі ледзьве жывога, а потым шчыра зьдзіўляўся: як жа гэта можна выкідаць, не дакурыўшы?!