Читать «Блакит» онлайн - страница 10
Неизвестно
Неяк угаварыў Міхася Восіпавіча хоць адзін свой новы твор даць для нашай газеты, і неўзабаве па пошце ў рэдакцыю на маё імя прыслаў напісаны сваім акуратным прыгожым почыркам верш. Рэдактар тут жа распарадзіўся надрукаваць яго буйным шрыфтам на першай старонцы, хоць па тэматыцы верш быў ня надта, мо зусім ня першапалосным. А праз дзень я павёз вырабляць клішэ і ўручыў газету Васільку, падзякаваўшы і абсалютна шчыра расхвальваючы верш. Міхась Восіпавіч глянуў скрушліва, сьцяў жаўлакі, нібы стрымліваючы сьлязу, махнуў рукой, усьміхнуўся журботна-сумнай усьмешкай:
– Вершы, Валічак, я пісаў у дваццатых, трыццатых... Ды гэта і ты бачыш... – памкнуўся яшчэ нешта сказаць, але перадумаў, характэрным жэстам адмахнуўшы рукой, і адразу ж пазмрачнеў, замыкаючыся ў сабе.
Я абагаўляў Міхася Восіпавіча, ніколі і ў галаву мне не прыходзіла параўноўваць старыя і цяперашнія ягоныя вершы, разумеючы, што пісаліся яны ў іншыя часы, у іншых абставінах, у рэшце рэшт у іншым узросьце, хоць, канечне ж, гэтая розьніца была навідавоку. Аднак быў вялікі сумнеў, што толькі гэта няўцешнай скрухай аглытвае ягоную душу. Заглянуць бы! Але туды ён не хацеў пускаць нікога, а калі і падпускаў, то толькі на пэўную адлегласьць, да нейкага нябачнага парожка. Разам з тым нават ад мяне, маладога, неспрактыкаванага, яму цяжка было хаваць нейкую таямніцу, што гнятлівым цяжарам ляжала на ягонай душы, ад чаго, мусіць, часам здаваўся нейкім трохі разгубленым, нават напалоханым. Потым мне Васіль Быкаў расказваў (гэта ж ён засьведчыў і ў сваёй кнізе “Далёкая дарога дадому”), што Васілька ледзь ці не штодня цягалі ў КДБ, а чаго – не казаў нікому, перапальваючы ўсё у сабе, спальваючы сваё сэрца зусім не на кастры паэзіі... На сёньняшні розум, тады па маладой ахламоністасьці часам дазваляў сабе ў стасунках з Васільком нетактоўнасьць, за якую зараз ніякавата, хочацца прабачыцца. Хоць бы такое...
Тады былі ў модзе абласныя агляды-конкурсы ведамасных самадзейных мастацкіх калектываў. Наступіла чарга прадэманстраваць свае таленты і работнікам спажывецкай каперацыі. Ня ведаю, як дзе, а нашы шчучынскія зафрахтавалі на конкурс мастацкі калектыў раённага Дому культуры, у якім і я выступаў з чытаньнем сваіх вершаў. Разьмеркавалі, як каго прадстаўляць будуць – прадаўцы, нарыхтоўшчыкі, таваразнаўцы і г. д. Фельетон сам плыў у рукі. Шчучынцы (па алфавіце) выступалі самымі апошнімі, і пасядзеўшы, паслухаўшы трохі, пайшоў наведаць Міхася Восіпавіча – рэдакцыя тады разьмяшчалася побач, лічы ў адным будынку з абласным Домам народнай творчасьці, дзе праходзіў конкурс. Пасядзелі, пагаманілі, схадзілі ў забягалаўку, дзе я прапанаваў, а Васілёк весела пагадзіўся выступіць за Шчучынскі райспажыўсаюз: а чаму б і не, мая ж Баброўня цяпер у Шчучынскім раёне!.. Не, ён ня быў п’яны, проста часам у добрым гуморы яго так і пад’юджваў малады гарэзьлівы настрой. Наш мастацкі кіраўнік не паверыў такой удачы, стаў пытацца, як прадставіць Васілька: таваразнаўцам ці яшчэ кім? Канечне