Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 225
Павел Андреевич Мисько
Ступіў ніжэй на колькі прыступак і не вытрываў, дастаў дэльфінчыка, каб зноў палюбавацца. Якое хараство! Толькі чаму адзін кончык раздвоенага хвосціка адрэзаны? Відаць запыленае чымсьці пустое нутро дэльфінчыка. У падстаўцы-каробачцы таксама адпілаваны адзін ражок, на беражках знутры напылена нейкая жаўтаватая мука. Падзьмуў у дзірачку, хацеў свіснуць, і ў нос пыхнула гэтым пылам, пачуўся нейкі вельмі знаёмы, ледзь улоўны пах. Не зблытае гэты пах Абдула ні з чым, ён узненавідзеў гэты пах за час, калі жыў з дзядзькам у каморцы пад лесвіцай. Пах гераіну — наркотыка, які звёў дзядзьку ў магілу. Тая самая «белая смерць», пра якую і радыё талдыча, і газеты трубяць, і пужлівыя плакаты вывешваюць, і на канвертах друкуюць, і на штампах выбіваюць, якімі маркі пагашаюцца… Як ён ненавідзеў гэтую атруту! Яна ж не толькі дзядзьку загубіла, але і яго жыццё зламала. Каб дзядзька не стаў наркаманам, то ўсё магло б скласціся інакш: мог бы Абдула навучыцца грамаце, займець добрую спецыяльнасць, работу і не быў бы беспрытульным бадзягаю.
«Дык вось якія прызы-сувеніры раздае Судзір! І не абы-каму, відаць, раздае. Усё падстроена, ведае, каму даваць… І не за так дае, а за вялікія грошы…»
Абдула забыўся пра Тэрэзу, забыўся пра хворы жывот. Зляцеў, скачучы цераз адну прыступку, уніз, на першы паверх, кінуў парцье ключ і выскачыў за дзверы.
Дзе знаходзіцца паліцэйскі ўчастак, дапытаўся ў людзей.
Тузануў дзверы смела — чаго баяцца? Столькі ўсюды пішуць, каб памагалі змагацца з распаўсюджваннем наркотыкаў.
За аблупленым рудым бар'ерам віднелася лысаватая, з наліплымі на лоб рэдзенькімі валасамі галава. Дзяжурны паліцэйскі… Без фуражкі сядзіць, кашуля з пагончыкамі расхляпешчана, відаць чорная валасатая грудзіна, паводзіць барадою ўправа-ўлева, падстаўляючы твар і грудзі патоку паветра ад прапелерчыка. На Абдулу падняў вочы паволі, паўсонна, яны былі зацягнуты павалокаю, нібы ў тых кароў-валацуг, што бачыў каля базара ў Свійттаўне.
— Што… хлопчык? — абыякава спытаў у Абдулы і падправіў прапелерчык, каб лепей дзьмуў на яго.
— Вось… — працягнуў Абдула цацку. — У гатэлі знайшоў, у «Марской ліліі».
Паліцэйскі, скрывіўшыся як серада на пятніцу, пакруціў дэльфінчыка ў руках і, не ўстаючы, шпурнуў у сплеценую з ратангавых сцяблоў сметніцу. Не пацэліў, цацка бразнулася аб каменную падлогу, дэльфінчык і падстаўка разляцеліся ў розныя бакі.
— Прэч адсюль, смаркач, пакуль не арыштаваў! Мала дзе якога смецця валяецца, дык усё сюды валачы?