Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 95

Юрий Аркадьевич Татаринов

Навіна пра Яна прымусіла панну Марыю ўздыхнуць з палёгкаю. Толькі прыкрасць за тое, што лёс зноў разлучыць іх, прадаўжала мучыць яе.

— Як доўга будуць вучыць на садоўніка? — спрабуючы схаваць свае пачуцці, спытала яна.

— Гэта будзе залежыць ад таго, як хутка я змагу наладзіць гэтую вучобу. — Ён памаўчаў, потым дадаў: — Трэба знайсці выкладчыкаў. Між іншым за гэтым справа не стане… Спадзяюся, з гэтай вясны мы возьмемся за наш новы парк.

Панна Марыя не адказала. Яна паспрабавала ўявіць сабе: многа гэта ці мала — чакаць да вясны.

Вырашыўшы, што пляменніца ўсё яшчэ крыўдуе, князь падбадзёрыў яе:

— З табою, мая радасць, застануцца паважаныя людзі, мае сябры. Пан Гнезскі абяцаў да майго вяртання закончыць твой партрэт. На жаль, кантракт з ім заканчваецца. Але мы можам прадоўжыць яго да лета. А там будзе відаць. Пан Кржыш — таксама вельмі паважаны і адданы чалавек. Трымайся яго. Гэты не дасць цябе ў крыўду. Да таго ж я выпісаў для цябе цэлы тузін настаўнікаў: француза, каб навучыў высакароднай мове, італьянца — настаўніка танцаў, а яшчэ — настаўнікаў жывапісу, спеваў… О, сумаваць табе не будзе калі! Не заўважыш, як падыдзе Ражаство. А там — зноў цёплыя дзянькі, вясна.

— Дзякую, — адазвалася панначка. — Вы такі добры. Буду ўспамінаць вас у кожнай малітве.

Яна ўсміхнулася. Між тым слёзы ўжо каціліся па яе шчоках. Ёй так і не ўдалося сябе стрымаць. Ах, як бы яна хацела, каб князь застаўся! Як бы яна хацела паехаць з ім і Янам! Але яна не магла аб гэтым прасіць.

— Дзякуй, мая радасць, — адказаў князь. — У цябе, на рэдкасць, добрае сэрца. Я таксама буду ўспамінаць цябе ў малітвах, прасіць Госпада заступіцца за цябе. Спадзяюся, ангел-ахоўнік не дасць цябе ў крыўду. — Ён памаўчаў, потым, быццам саромеючыся сваіх слоў, адвярнуўся і вымавіў: — Ты толькі не спрачайся з княгіняю. Пастарайся з ёю ладзіць. Уступай. Самадурам іншы раз лепш уступіць.

— Пастараюся, — адказала панна Марыя.

— Гэта не просьба. Гэта парада. — Князь, нарэшце, распраміў плечы. — Ну-с, падыдзі да мяне, маё шчасцейка.

Панна Марыя паднялася і нясмела падышла да яго. Той тройчы пацалаваў яе.

— Хочацца верыць, што ў цябе будзе ўсё добра. Панна Марыя не вытрымала, яна прыпала да грудзей князя Станіслава і разрыдалася. Яна ніяк не магла прымірыцца з думкаю, што застанецца адна.

— Нічога, — казаў ён, — нічога. Іншы раз можна і паплакаць, — абдымаючы за плечы, князь Станіслаў супакойваў панну Марыю.

XII

Раніцою, калі на карэтнай праходзілі апошнія прыгатаванні да дальняе дарогі, у майстэрні пана Гнезскага адбывалася звычайная для таго часу дня сцэна: панна Марыя пазіравала. Гнезскі ўжо зрабіў неабходныя яму эскізы, цяпер ён варажыў над колерам. Вялікае значэнне надаваў ён выбару сукенкі.

— Можам пачынаць з заўтрашняга дня, — сказаў ён панне Марыі, якая сядзела каля акна ў крэсле. — Буду маляваць вас стоячы, у поўны рост.

— І ўсё ж такі, які колер вы выбралі? Што мне апрануць? — спытала панна Марыя.