Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 5

Юрий Аркадьевич Татаринов

— Я бачыў нейкія разваліны, — прызнаўся Бока.

— Так-так. Гэта быў палац паноў Шадурскіх… Гэтым Шадурскім належала тут усё: і сад, і парк, і вёска, і нават возера. Багатыя былі памешчыкі… Легенда кажа, што ў іхнім садзе расла яблыня, якая давала… чароўныя плады. Так-так, не здзіўляйцеся! Казалі, хто такі яблык еў, з тым абавязкова адбывалася штосьці дзіўнае…

— Як гэта — «дзіўнае»?

— Сама не ведаю. Так старыя людзі казалі. Штосьці неверагоднае, невытлумачальнае. Потым гэты чалавек распавядаў — а яму не верылі, толькі насміхаліся з яго…

— І вы лічыце, што гэта праўда?

— Што — я! Я перадаю тое, што чула!.. А калі вас цікавіць мая думка, дык скажу, што за сваё жыццё я на такое наглядзелася, што цяпер любы цуд мне як ні дробяззю падасца.

Заўважыўшы, што заінтрыгавала «госця», жанчына раптам засмяялася, усклікнула:

— Ды вы, бачу, уражлівы!.. Не верце, ці мала што людзі пляткараць. Ды і тую панскую яблыню, відаць, даўно ссеклі. Яна ж не можа дзвесце гадоў расці! А калі нават і ацалела, дык не родзіць. У нас гэтакіх старых дрэў уга колькі.

Бока захацеў пакаштаваць яблык, паднёс яго да рота. Але тут адбылося штосьці неверагоднае: Х'ю раптам падляцела да яго, схапіла кіпцюрамі яблык і кінула яго долу. Яблык, стукнуўшыся аб драўляную падлогу, пакаціўся ў куток…

— Ах ты свавольніца! — замахнулася на саву жанчына. — Ану пайшла! Бач ты яе!..

Птушка ўзнялася над галавою «госця», моцна закрычала. Яна нібы хацела папярэдзіць яго аб чымсьці. Потым уладкавалася на паліцы, пад самай столлю, і зноў прыціхла.

— Не зважайце, — прамовіла старая. — Яна ў мяне дзівачка, любіць, каб на яе звярнулі ўвагу. Бярыце яшчэ адзін. Вось, калі ласка. — І яна падсунула талерку з яблыкамі бліжэй да «госця».

Бока працягнуў руку да пачастунка — але ў гэты ж момант Х'ю падляцела да стала і перакуліла талерку. Яблыкі пакаціліся на падлогу… Бока ўзняўся, выйшаў з-за стала, — гэтыя свавольствы птушкі падаліся яму дзіўнымі.

— Ну, я табе! — прыгразіла саве гаспадыня. — Разгарэзілася! Бач ты!.. Ану, пайшла! Пайшла!

Жанчына пачыкільгала ад стала. Яна адчыніла дзверы ў пакой і, махаючы рукой, пачала выганяць саву з сенцаў. Нема крычучы, птушка нарэшце знікла ў пакоі. Жанчына зачыніла дзверы.

— Выбачайце, — сказала яна, вяртаючыся назад. — Такая ў яе звычка — лезці куды не трэба і замінаць.

— Нічога-нічога, — адмахнуўся хлопец, хаця і быў устрывожаны. Ён раптам успомніў пра мэту свайго наведвання. — Але што ж з начлегам?

— Ах, канечне, — таксама ўспомніла старая і пачала збіраць яблыкі.— Ёсць тут адзін чалавек, — прамовіла яна. — Не хацела казаць… Справа ў тым, што ён — глуханямы. Вас гэта задаволіць?

— Якая розніца, — адказаў хлопец. — Абы ўзяў.

— Возьме, дзе ён дзенецца. Ён адзінокі. А аднаму, самі ведаеце, — сумна. Ён усіх бярэ.

— А дзе ён жыве?

— Тут побач. Пройдзеце дзве хаты пасля маёй, а трэцяя — будзе яго.

— Ну дык дзякую, — сказаў Бока. Ён павярнуўся, каб пайсці.

— Пачакайце, — спыніла яго жанчына. Яна паспела падняць некалькі яблыкаў, прапанавала іх «госцю». — Вось, вазьміце на дарогу.