Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 53

Юрий Аркадьевич Татаринов

Пані Кацярына падышла да акна.

— Гэта каля ветранога млына, — упэўнена сказала яна.

Скарыстаўшы той момант, што нянька пераключыла сваю ўвагу на млын, пан Чаляднік падняўся, зрабіў крок і раптам абняў пані Кацярыну за талію.

— Як убачыў,— страсна зашаптаў ён, — так у грудзях маіх і заклекатала. — Апошняе слова ён вымавіў дрыготкім усхваляваным голасам. Нечакана ён зняў руку, павініўся: — Ты ўжо прабач мяне, Кацярына.

Пані Кацярына зразумела, за што менавіта ён прасіў прабачэння, дакранулася да яго пляча.

— Які і быў, які і быў, пан Варлампій, такі ж добры. — Яна ўздыхнула. — Божа, — ціха прамовіла яна. У яе вачах заблішчэлі слёзы, — як я любіла вас! Які гэта быў цудоўны час! Як многа ён мне падарыў!.. — Голас яе неяк змяніўся, яна гатова была заплакаць.

— Ну што ты, што ты, Кацярынка. Не трэба, не трэба, — ласкава супакойваў ён яе. — Такі, відаць, наш халопскі лёс. Не будзем скардзіцца. У Госпада свае адносіны да нас.

Пані Кацярына схіліла галаву да грудзей прыказчыка. Яна ведала, што калі і ёсць на грэшнай зямлі годны чалавек, дык гэта ён, пан Варлампій; ён і весялун, і пяшчотная, чулая душа; за што ні возьмецца, любая справа ў руках гарыць.

Яны прыціхлі,— у думках перанесліся ў тыя дні, калі толькі пазнаёміліся, аднак даверыліся адно аднаму. Прайшло столькі гадоў, і сёння ўжо без слоў і абдымкаў прызнаваліся, што па-ранейшаму кахаюць адно аднаго. Усё тое няёмкае, дробязнае, што калісьці было паміж імі, адступіла — у памяці жыло толькі самае прыемнае…

VIII

У ліпені месяц свеціць не так ярка, як восенню ці зімой. Але ў гэтую ноч яму дапамагалі зоркі. Разам яны высвечвалі не толькі нізіны і пагоркі, але і нават вузенькую сцяжынку, якая выводзіла да млына. Ноч даўно ахінула зямлю чорнай вуаллю — аднак прырода не замірала і ўначы. Праляталі, трапечучы крылцамі, нябачныя птушкі, варушыліся і папісквалі начныя звяркі, чуцен быў жудасны крык савы. Тысячы жывых істот шалясцелі і гудзелі ў сакавітай траве. На акацыі патрэсквалі перасохлыя стручкі, быццам хтосьці чыркаў крэсівам. Гэтыя гукі трывожылі душу, будзілі прыдрамалую днём фантазію. Міжвольна, з надыходам цемнаты, прачыналася асаблівая цікаўнасць да ўсяго свету; тое, чаго не маглі ўбачыць вочы, дамалёўвала фантазія.

На вяршыні лысага ўзгорку, празванага людзьмі «Перуновай гарой», непадалёку ад ветранога млына, гарэла вогнішча. І таму, хто знаходзіўся на гары, здалёк, акрамя трэску палення і іншых начных гукаў, выразна былі чуваць усплёскі вады. Гэта выбівалася з-пад гары невялікая крынічка. Доўгаю дугою ручаёк, які выцякаў з гэтай крынічкі, агінаў той узгорак, злучаўся з іншымі маленькімі ручайкамі і, памнажаючы свае воды, нёсся па каменні ў бок панскага дома.

Гэтай ноччу каля вогнішча сабралася кляціхінская моладзь. Дзяўчаты, апранутыя ў доўгія, светлыя строі, спявалі. Адзін з хлопцаў, якога звалі Ян, падыгрываў ім на скрыпцы. У яго руках яна нараджала неверагодна дзівосныя гукі, якія нагадвалі «галасы» розных кузюрак: то гудзеў чмель, то пішчаў камарык, то гнюсавіла муха. За спевам дзяўчат скрыпкі амаль не было чутно. Побач з Янам сядзела панна Марыя. Яна была ў беласнежнай сукенцы і таму выдзялялася з натоўпу дзяўчат, як лебедзь пасярод качак. Дзяўчаты спявалі вельмі тужліва: