Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 52

Юрий Аркадьевич Татаринов

Пан Чаляднік уздыхнуў. Ён высунуўся ў расчыненае насцеж акно. Гарачыня спала. Аднак было яшчэ цёпла, і думка пра тое, што пара класціся адпачываць, не задавальняла яго. Крэкчучы ад болю ў паясніцы, ён пайшоў да выхаду. Яму ўздумалася пагаварыць з пані Кацярынай.

Ён выйшаў у калідор. Агеньчыкі сальных свечак уздрыгнулі ўсе разам, калі ён прыкрыў дзверы. Звярнуўшы ўлева, Варлампій зрабіў некалькі крокаў — і неўзабаве апынуўся каля лесвіцы. Унізе прыхожую асвятляў вялікі ліхтар. Прыказчык крочыў далей па паверсе. Ён ішоў і імкнуўся ўспомніць, дзе спальня пані Кацярыны.

Праз нейкі час ён спыніўся каля дзвярэй і прыслухаўся. У пакоі нехта маліўся… Пан Чаляднік асцярожна адчыніў дзверы і ўвайшоў у спальню.

— Хто там? — пачуў ён строгі голас пані Кацярыны. Нянька, у белай доўгай сарочцы, стаяла на каленях перад абразом з лампадкай. Правая рука яе, відаць, пасля малення, застыла на жываце. Побач, на стале, гарэла свечка.

Не хвалюйся, гэта я, Каценька, — мірна адазваўся госць.

— О Божа, пан Варлампій! — уздыхнуўшы з палёгкай, прагаварыла пані.— А я думала, вы спіце сном праведніка!..

У гэтым доме, дзе пражыла яна ўсё жыццё, ёй не было чаго баяцца. А чаго ж баяцца свайго даўняга сябра?!

— Не спіцца, даражэнькая, — прызнаўся, уваходзячы, прыказчык. — Штосьці цела ломіць. Старэю, ці што. Ты ўжо прабач.

— Ай, што вы кажаце, — што ўжо тут, праходзьце. — Пані Кацярына паднялася. — Дзіва што! Такая спякота! Я таксама мучаюся. — І паказала на крэсла. — Сядайце.

Думаю, справа не толькі ў гарачыні,— прызнаўся, сядаючы, прыказчык. — Ёсць і іншыя прычыны. — Ён неяк хітравата падміргнуў суразмоўніцы. — Занадта шмат салодкіх успамінаў лезе ў галаву. Проста нейкае вавілонскае стоўпатварэнне!

Пані Кацярына здагадалася, пра што ён намякае. Яе кавалер, раней такі рашучы на дзеянні, цяпер сядзеў, як які-небудзь праведнік, ціхі, рахманы, сціплы, імкнуўся патлумачыць прычыну свайго начнога візіту. Гэта нават развесяліла яе.

— Салодкіх, кажаце, — смеючыся, прамовіла яна. Пан Чаляднік агледзеў пакой.

— Ох, калісьці і палазіў жа я тут, — сказаў ён і пакруціў свой вус, — здаецца, на столі толькі і не пабыў. Бачу, радасць мая, у цябе ўсё па-ранейшаму. Не любіш ты перамен.

Пані Кацярына ўздыхнула і адказала:

— А што толку ў гэтых пераменах! У мяне, можа, адна радасць і засталася — успаміны. Я вось як гляну на гэтыя кандэлябры — сэрцу неяк лягчэй, здаецца, маладзею.

Пачуцці, якія нечакана прачнуліся ў няньчынай душы, перадаліся яе госцю. Прыказчык адвярнуўся да акна. Нечакана ён заўважыў з яўным хваляваннем:

— Вось так і ў мяне. Часам як заб'ецца вось тут, — ён наказаў на грудзі,— быццам які птах у клетцы! Вось, напрыклад, цяпер: убачыў гэтае вогнішча, — ён скіраваў свой позірк у цемру акна, адкуль, як і з яго пакоя, былі бачны здаля чырвоныя водбліскі,— дык усё ўва мне і закалацілася…