Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 3

Юрий Аркадьевич Татаринов

II

Дзверы дома былі незачыненыя. Бока забег у сенцы — і толькі пасля гэтага асмеліўся азірнуцца. Ён быў збянтэжаны тым, што нядаўна здарылася на дарозе. Аддыхаўшыся, ён наблізіўся да дзвярэй, якія вялі ў пакой, і, пастукаўшы, гучна запытаўся:

— Ці можна?

Адказу ён не пачуў. У сенцах і за дзвярыма было ціха, як на могілках, — толькі з вуліцы, праз шчыліны ўваходных дзвярэй, чулася мернае цвырканне конікаў… Вока вырашыў, што гаспадары — на дварэ, і пакіраваў назад. Але тут ляснуў замок, дзверы пакоя скрануліся і марудна адчыніліся. Перад хлопцам паўстала таўсматая жанчына. Пагляд яе вялікіх чорных вачэй увабраў цэлую гаму пачуццяў — цікаўнасць, страх, нездавальненне. У гэтых вачах адбіваліся праменьчыкі вечаровага сонца. Баючыся, што яна можа засердаваць, Бока хуценька растлумачыў прычыну свайго наведвання:

— Даруйце, я тут праездам. Мой аўтобус пойдзе толькі раніцой. Ці не дазволіце мне пераначаваць?

— Пераначаваць? — перапытала таўсматая. Па ўсім было відаць, што гэта просьба моцна яе здзівіла.

— Так, — не адступаўся ад свайго наш герой. — Я ўпершыню ў вашай вёсцы, нікога тут не ведаю…

Ён змоўк, думаючы, што яшчэ дадаць да свайго тлумачэння. Паўза, якая наступіла ўслед, падалася яму бясконцай. Жанчына, як на тое, не спяшалася з адказам. Яна выпрабавальна ўглядвалася ў вочы «госцю», нібы жадала прачытаць у іх тое, што ён хацеў, ды не даказаў. Нарэшце яна адазвалася:

— Не, я не магу. Прабачце. — І прызналася: — Мужчыны ў гэтым доме не было ўжо год з дваццаць. Я паспела нават забыць мужчынскі дух. Дый адкуль я ведаю, хто вы. Я не засну ўсю ноч. А раптам вы які-небудзь злодзей…

Па інтанацыі яе голасу цяжка было здагадацца, ці жартуе яна, ці гаворыць сур'ёзна.

— Ды што вы, — запярэчыў Бока.

Але старая не захацела яго даслухаць.

— Не, і не прасіце, — сказала яна. — Вы і самі падумайце. Вёска ў нас невялікая. Заначуеце — пачнуць брахаць. За год не адмыешся ад плётак.

Бока ўсміхнуўся, зрабіўшы выгляд, што гэты жарт зразумеў, а потым прапанаваў:

— Я згодзен пераначаваць вось тут, у сенцах. Я непераборлівы.

— Ні ў сенцах, ні на гарышчы, — працягвала з сур'ёзным тварам гаспадыня. — Тым болей — у сенцах, дзе водзяцца пацукі. Вайну з імі вы ўсчаняце праз пяць хвілін пасля таго, як ляжаце.

Бока раптам зразумеў, што ён наўрад ці дамовіцца з гэтакаю ўпартаю.

— Дык што рабіць? — запытаў ён у адчаі.— Парайце.

— Ідзіце, пытайцеся, пакуль яшчэ не значэла. Можа, хто і возьме.

— Але куды ж ісці? Я нікога не ведаю…