Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 4

Юрий Аркадьевич Татаринов

Відаць, адчуўшы, што ёй дастаткова аднаго слова, каб выправадзіць госця, таўсматая нібы памякчэла, паглядзела на хлопца з ласкаю.

— Ды вы сядайце, — нечакана прапанавала яна. — Відаць, прытаміліся з дарогі. Пасядзіце хвілінку. А я пакуль падумаю, куды вас прыладзіць.

Маленькія сенцы былі застаўлены мэбляю. Акрамя стала і крэслаў, тут умяшчалася нават шафа. Бока прысеў на ўскрайчык аднаго з крэслаў.

— Хто ж тут можа ўзяць?.. — разважала гаспадыня, выціраючы і без таго чысты стол. — У Насці — унукі ў гасцях. Кацька — не возьме, у яе мужык — звер… Пачакайце, пачакайце, дайце падумаць. — Яна прайшлася па пакоі. Рухалася гаспадыня няўклюдна, як качка, і ледзь месцілася паміж сталом і шафаю. Зачыніўшы шчыльна дзверы ў пакой, яна нечакана спытала: — А ці любіце вы яблыкі?

Хлопец адказаў:

— Не адмоўлюся… Але каб як-небудзь вырашыць з начлегам.

— Зараз-зараз, — адазвалася старая.

Яна пратупала праз сенцы і нечакана знікла за дзвярыма.

Бока застаўся адзін. Запрашэнне пасядзець і адпачыць і гэтае пытанне пра яблыкі супакоілі яго. На хвілінку ён нават забыўся пра свае клопаты. У траве, на ганках, цвыркалі конікі; у гэтую ноч, што мелася быць сухой і цёплай, яны збіраліся «музыцыраваць» доўга — да расы. Вырабляныя імі гукі закалыхвалі. Хлопец не запярэчыў бы, калі б яму дазволілі прасядзець вось так, за сталом, усю ноч…

Дзверы зноў адчыніліся. Цяпер гаспадыня ўвайшла з талеркай яблыкаў. За ёю ў сенцы раптам уляцела лупаценькая птушка. Яна гучна крыкнула, прымусіла госця здрыгануцца, — голас у яе быў рэзкі і непрыемны і нагадваў крык дзіцяці. Бока прыжмурыўся, стараючыся разгледзець у прыцемку маленькую крыкліўку, што лётала з месца на месца.

— Цішэй, цішэй, Х'ю! — звярнулася да яе гаспадыня. — Напалохаеш чалавека.

Паслухмяная лупатка нарэшце прыціхла, уселася на версе шафы.

— Х'ю? — праспявала яна, нібыта аб нечым спытала. Старая растлумачыла:

— Як убачыць незнаёмца — адразу крычыць. Як шчанюк… — І яна паставіла талерку з яблыкамі на стол. — Вось, частуйцеся. Свежанькія, прама з дрэва.

Бока падзякаваў, узяў яблык. У гэты ж момант на спінку яго крэсла ўселася Х'ю, — стала чутно, як заскрэблі яе кіпцюркі аб лакіраванае дрэва. Убачыўшы птушку зблізку, Бока здагадаўся, што гэта маленькая сава. Х'ю глядзела яму ў вочы не адрываючыся. Круглыя і чорныя, нібы ноч, вочы яе хавалі дапытлівасць і… ганьбаванне. Працуючы валляком, птушка, здавалася, стрымлівала жаданне крыкнуць, што вось-вось магло вырвацца.

— Вось яна якая, мая Х'ю, — ласкава прамовіла гаспадыня, заўважыўшы, што «госць» з цікаўнасцю разглядвае саву. — З-за яе і святла не запальваю, — вельмі не любіць. Усе лямпачкі ў мяне перабіла.

Сава працягвала ўзірацца на «госця». Часам яна міргала: па чарзе то адным, то другім вокам.

— Добрая птушка, — шчыра прызнаўся хлопец.

— Дзіва што, — пацвердзіла гаспадыня. — Асабліва калі ловіць пацукоў і мышэй… Ды вы ешце, — нагадала яна пра яблыкі. І, убачыўшы, што госць узяў адзін, пачала хваліцца: — Яблыкі ў мяне смачныя. Калісьці на гэтым месцы, дзе стаіць мая хата, быў вялікі панскі сад. Ён межаваўся з паркам. А ў парку стаяў палац…