Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 2

Юрий Аркадьевич Татаринов

Агледзеўшы мясцовасць, Бока накіраваўся да парка. Ён ішоў па дарозе, цешыўся чысцінёй паветра і не мог сабе ўявіць, што паветра можа быць такое свежае, мяккае

і прыемнае. «Несумненна, — разважаў хлопец, — гэта паветра і гэта возера для мясцовых жыхароў — гонар».

Ён прайшоў праз усю вуліцу і ўбачыў апошні, бліжэйшы да парку, дом. Агароджа вакол яго падгніла і апіралася на кусты. Дом таксама патрабаваў рамонту, пра гэта сведчыла пахіленая і, здавалася, гатовая скаціцца ў канаву веранда. З коміна над страхой струменіў дымок. Пераступіўшы праз рэшткі агароджы, Бока падышоў да старой галінастай яблыні, сарваў некалькі самых лепшых яблыкаў. Ён не адважыўся б на гэта, калі б не выгляд тых самых яблыкаў. Чырвоныя, буйныя, яны быццам свяціліся з сярэдзіны…

Праз хвіліну хлопец быў ужо ў старым парку. Цікаўнасць прымусіла яго не думаць пэўны час пра пошукі начлегу. Ён пракарабкаўся праз густыя зараснікі маладых асін і апынуўся на паляне.

Перад ім паўсталі рэшткі вялізнага каменнага палаца. Першы паверх уехаў у зямлю па самыя карнізы акон. Фасад другога паверха яшчэ не быў пазбаўлены ўпрыгожанняў напаўкруглых пілястраў. У промнях сонца рэшткі ўяўлялі нешта феерычнае: здавалася, што камяні ахоплены полымем. Нават зеляніна навокал — кусты, пара старых дрэў — былі як у агні. Трапяткое лісце нагадвала вогненныя языкі. І толькі доўгія мёртвыя цені на зямлі падказвалі, што гэта феерыя — ні што інакшае, як здзекі святла.

Непадалёку ад руінаў знаходзілася сажалка. Бока падышоў да яе. Паверхня нагадвала пляц, выкладзены шліфаваным гранітам, — ні плёскат, ні які-небудзь рух не хвалявалі яго. Гэта сажалка валодала чарадзейнай уласцівасцю: на яе хацелася глядзець і глядзець, чакаць нечага звышнатуральнага. Яна абуджала фантазію.

Успомніўшы пра яблыкі, хлопец прысеў на беразе, дастаў адзін, стаў акуратна выціраць яго насоўкай. Зноў яму падалося, што яблык свеціцца з сярэдзіны…

Прыкмеціўшы гэты дзіўны эфект, Бока нарэшце пачаў есці. Але яблык быў не дужа спелы. Выгаладалы за дзень, наш герой не браў гэта пад увагу.

Яго прыцягвала сажалка. Ён заўважыў, што берагі бетанаваныя. І гэта яго здзівіла. Бока нахіліў галаву над вадой і пачаў уважліва разглядваць рэшткі бетону. Нечакана з вады, якраз у тым месцы, дзе ён нахіліўся, вылецела вялікая белая птушка. Выцягнуўшы шыю, яна моцна закрычала і, лопаючы крыламі, знікла з вачэй — толькі пер'е паляцела ў розныя бакі!.. Хлопец ускочыў на ногі. Нейкую хвіліну ён нічога не бачыў і не чуў, быццам праваліўся ў цемру. Бока быў збянтэжаны не гэтулькі крыкам птушкі, колькі нечаканым яе з'яўленнем. «Адкуль яна ўзялася?» — спытаўся ў сябе. Калі б не пер'е на хвалях, ён падумаў бы, што ўсё гэта прымроілася…

Развагі не прывялі яго да якіх-небудзь высноў. Успомніўшы пра начлег, Бока, азіраючыся, пайшоў з парка.

Неўзабаве ён зноў апынуўся на знаёмай вуліцы. Як і чвэрць гадзіны таму тут было ціха і пустэльна. Хлопец накіраваўся да дома з пахіленаю верандай. Ён ужо сварыўся на сябе за перажыты спалох. Заўважыўшы кінуты на дарогу пачак з-пад цыгарэт, ён са злосцю падцяў яго. Пусты пачак падляцеў і лёпнуўся ў сцёкавую канаву. Бока абышоў тое месца, куды ён упаў, раптам пачуў ззаду моцны воплеск, што нагадваў выбух вучэбнай гранаты… Гэта новая дзіўная нечаканасць падзейнічала на хлопца, як удар бізуна па спіне. Не адважваючыся азірнуцца, ён адным махам пераскочыў праз агароджу і кінуўся да бліжэйшага дома.