Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 34

Юрий Аркадьевич Татаринов

Бока пагадзіўся з ім.

— Сапраўды, — адказаў ён, — у нас усё на шмат прасцей.

— А што вы скажаце пра маю дачку?! Ну як яна?! Ах свавольніца, ах дурасліўка! — не мог суцішыцца, ляпаў сябе па калене Шадурскі.— Вось яна — уся яе сутнасць. Як ёсць!

Скарлоцы змрочна пазіраў на вясёлую кампанію. У тым, што здарылася, ён не бачыў нічога смешнага. Панурыўшыся, ён ківаў галавою і гундосіў:

— Тое, што адбылося, панове, падобнае на прывідны сон. Напачатку мяне ўзняло — як на шыбеніцу інквізіцыі.

Потым кінула. А калі я апынуўся ў вадзе і зусім быў паверыў, што ўтапіўся, мяне раптам, як неразумнага галаўня, выкінула на паветра… Якая ганьба! Не-е, панове, цяпер я за вярсту абыду вашую яблыню!..

XIII

На возеры дзьмуў моцны вецер. Доўгая лодка з высокім белым ветразем бясшумна кіравала ўздоўж берага. Адзін лёкай стаяў каля мачты, другі — каля стырна. А на карме, трымаючыся за драўляныя парэнчы, тоўпіліся знаёмыя нам сябры. Адважыўшыся на гэтую прагулянку, кожны з іх зведаў адрозныя пачуцці. Панна Яніна была задаволена, — яе твар ажно ззяў ад радасці. Ціхамірнасць ды супакаенне можна было прачытаць і на твары ў яе бацькі. А твары гасцей, у тым ліку і нашага героя, былі як бы разгубленыя. Здавалася, што гэтыя людзі згадзіліся на прагулку па возеры адно з павагі да гаспадароў. І ўсё ж, іх не маглі не п'яніць свежы вецер і халодныя пырскі, якія выляталі з-пад носа лодкі. Нарэшце, яны таксама не маглі не зведаць на гэтым імклівым карабліку, што нёсся па хвалях, пачуцця палёту…

Першыя хвіліны падарожжа ўсе, у тым ліку і двое лёкаяў, маўчалі,— кожны прызвычайваўся да новых пачуццяў. Але неўзабаве напружанасць мінулася. Першая загаварыла панна. Яна сказала:

— Святая Марыя! Які сягоння вецер!.. — У яе голасе чулася захапленне.

Калі адплылі далекавата ад берага, месца каля стырна заняў Шадурскі. З гэтае хвіліны лодка перастала плысці плаўна. Мабыць, яе гаспадару падабалася казытаць сабе нервы. Пачаліся рэзкія тармажэнні, стромыя нахілы; некалькі разоў хвалі з ног да галавы залівалі ўсіх, хто стаяў на палубе. Панна Яніна агучвала гэтыя дурыкі вясёлым піскам.

— Ахвотна веру, што вы нядрэнны марак, — нарэшце не вытрымаў — заўважыў Шадурскаму Сліва, калі ў чарговы раз усіх абліў шквал пырскаў.— А ці нельга кіраваць вашаю лодкаю больш плаўна?

— На возеры нямала плыткіх мясцін, — азваўся гаспадар лодкі.— Я абмінаю іх. Інакш мы запынімся дзе-небудзь на сярэдзіне.

Гэтае тлумачэнне не задаволіла даверлівага таўсмача. Яго вочы расшырыліся, а твар спалатнеў. Ён хацеў нешта сказаць, але яго апярэдзіў Скарлоцы.

— Мель — гэта не страшна, — кінуў ён. — Але калі вы будзеце так кіраваць, то мы перавернемся!

За бацьку заступілася панна Яніна.

— Не разумею, — сказала яна, — перад прагулкаю ўсе былі аднадушныя. Цяпер жа, калі аддаліліся ад берага, пачалі бубніць. Вышэй насы, панове! Калі вы будзеце казаць адно пра тое, што можа здарыцца, то яно абавязкова здарыцца. Не наклічце бяды!.. Дарэчы, тата забыўся вас папярэдзіць: у нашай лодкі кароткі кіль. Таму стойце кожны на сваім месцы, не хадзіце па палубе.