Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 23

Юрий Аркадьевич Татаринов

— Мы тут апынуліся зусім выпадкова, — паспрабаваў зманіць Сліва.

— І ўбранне сваё вы таксама згубілі зусім выпадкова? — не стрымалася панна. Скарыстаўшы разгубленасць, якую выклікала гэтая прыгода, яна вырашыла прыструніць гулякаў: — Брыдка! Вашы паводзіны ганьбяць вас!.. Што скажуць пра гэта вашы падданыя?

Панна сапраўды дужа ўгневалася, бо, праказаўшы гэта, раптам з годнасцю павярнулася і пайшла.

Цэлую хвіліну пасля гэтага ў склепе панавала цяжкае маўчанне. Усе вінавата адчувалі, што гэтым разам схібілі. Шадурскі, разумеючы, што завінаваціўся больш за ўсіх, першы парушыў маўчанне.

— Ну давайце, панове, — сказаў ён, — пойдзем наверх, няўжо мы не прыдумаем забаў, што вартыя нас.

Уся кампанія без пярэчанняў пацягнулася за ім. Каля лесвіцы Шадурскі затрымаўся, паклікаў да сябе аднаго з лёкаяў. Паказаўшы пальцам у бок прыціхлага на бочцы зайца, ён сказаў:

— Аднясі на кухню. Скажы, што пан загадаў згатаваць на вячэру.

Лёкай пакланіўся. Здаецца, ён адно таму і з'явіўся сюды, каб выканаць гэты загад. У руках ён трымаў палатняны мех. Падышоўшы да зайца, лёкай падняў яго за вушы і кінуў у мех. Паназіраўшы за гэтым, Шадурскі, Скарлоцы і Сліва рушылі далей.

Дачакаўшыся, калі ўсе выйдуць, Бока зачыніў дзверы ў склеп і як не пабег да аркі падземнага хода. У яго ўзнікла моцнае жаданне як мага хутчэй выбрацца са становішча, у якім ён апынуўся. Яму ўсё здавалася, што, загасцяваўшыся тут, ён спозніцца на свой аўтобус.

Аднак на гэты раз ён здолеў дайсці адно да студні. Яго спыніў шум за спіною. Хлопец абярнуўся і ўбачыў, што на пляцоўцы, трымаючыся за парэнчы, стаіць панна Яніна.

Панна разгублена глядзела ў яго бок. Мабыць, ёй было незразумела імкненне маладога госця пазбягаць яе.

— Бедны пан Вальдэмар, — са спачуваннем сказала яна. У яе яшчэ ставала літасці не сердаваць на госця. — Усе яго пакінулі, забылі. Няма каму яго прылашчыць. — Яна спусцілася па лесвіцы, падышла да Бокі.— Чаму вы ўцяклі? Няўжо я такая брыдкая?.. Ці вас завабіла сюды змесціва гэтых бочак?

— Панна, даруйце мне, — адказаў Бока. — Калі б вы ведалі ўсю праўду… Калі б я сам ведаў і мог спасцігнуць усё тое, што адбылося са мною сёння і, увогуле, што адбываецца…

— Што я павінна ведаць? Пра якую праўду вы кажаце? — перабіла яго панна. — Пакуль што я бачу толькі адну праўду — тое, што вы ўпадабалі нашае віно. Вы адно тым і займаецеся, што п'яце!.. Дзеля гэтага вы ад мяне і ўцякалі!

— Я вінаваты, прызнаю. — Бока адчуў, што яму варта пагаджацца, інакш ён заблытае сваю суразмоўніцу і яна зусім перастане яму верыць. — Я рады быць з вамі столькі, колькі вам зажадаецца, — сказаў ён, спрабуючы заспакоіць дзяўчыну.

— Але мне гэтага мала, — парыравала панна. — Я хачу, каб вам самаму зажадалася быць са мною!

У гэтую хвіліну ў склеп увайшоў ужо знаёмы Боку лёкай з вёдрамі. Ён моўчкі пакланіўся панне, пасля чаго падаўся да студні.

— Пайшлі, пан Вальдэмар, — запрасіла панна. — Склеп — не лепшае месца для гутаркі такіх, як мы з вамі.

Яны скіраваліся да выхаду. Падняўшыся на пляцоўку, Бока азірнуўся. Прыцемнены ўваход у тунель так і вабіў яго да сябе. Хлопец уздыхнуў. На жаль, вызваліцца з гэтага дзіўнага палону яму зноў не выпадала.