Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 21

Юрий Аркадьевич Татаринов

VIII

Бока паспеў зрабіць усяго некалькі крокаў. Дзверы нечакана адчыніліся — і ў склеп увалілася знаёмая нам тройца.

— А, вы ўжо тут, пан Вальдэмар! — усклікнуў Шадурскі.— Выдатна! А мы збіраліся пасылаць па вас. Цяпер усе ў зборы. Працягнем, панове!.. Пан Сліва, будзьце ўважлівы, у гэтым месцы лесвіца. — І ён пачаў дапамагаць таўсмачу спускацца па стромых прыступках.

— Як тут ядрана! — з захапленнем прамовіў Сліва. — Проста асалода! — Ён раптам заспяваў: — «Усё бадзёрыць тут параненую душу!..» Мы не пілі за гэтае цудоўнае гняздзечка! — натхнёна заўважыў ён і ўпаў з лесвіцы.

— Дружа, трымайцеся! — кінуўся да яго Шадурскі.— Я ж папярэджваў!

А між тым Скарлоцы ўжо завіхаўся каля бочак: ён зацікаўлена пастукваў па кожнай, вызначаючы, якая з іх паўнейшая. Каля адной ён прыпыніўся.

— Сюды, панове, — запрасіў ён.

Бока ўздыхнуў,— задуманыя ўцёкі трэба было адкласці. Ён зазірнуў у келіх, які ўсё яшчэ трымаў у руцэ, і падышоў да Скарлоцы.

Калі віно было налітае, Сліва заспяваў дыфірамбы Шадурскаму:

— Дабрадзей вы наш. Нідзе не адпачываеш так душою і целам, як у вашым Богам адзначаным маёнтку. — Ён раптам расчуліўся, заплакаў: — Сокал вы наш, бацька родны. Дай Бог вам усяго добрага…

— За ваша здароўе, панове, — у сваю чаргу адказаў Шадурскі.

Праз хвіліну гаспадар працягваў:

— Гэтыя бочкі расстаўлены па гадах. Вунь тыя, у кутку, — самыя старыя. Іх паставілі яшчэ да таго, як з'явілася на свет мая Янінка.

— Іду туды, — тут жа зрэагаваў на сказанае Скарлоцы і пашыбаваў у паказаны куток.

За ім патупацелі і астатнія кампанейцы.

Старое віно, як яно і павінна быць, — даволі моцнае. Праз чвэрць гадзіны гулякі ўжо не стаялі на нагах, яны сядзелі на падлозе, абапёршыся спінамі аб бочкі, і вялі вартую іхняму падпітку размову.

— Мы яшчэ не пілі за панну Яніну. Гэтае прыстойнае віно заслугоўвае, каб уславіць гэтакую гожую панну, — напышліва выказаўся Скарлоцы.

— У маім доме ўсё заслугоўвае славы!.. — адказаў Шадурскі.

— Дык вып'ем за ўсё адразу! — прапанаваў Сліва. Праз нейкі момант, як гэта бывае ў людзей нападпітку, тэма нечакана памянялася.

— Цікава, колькі спатрэбіцца часу, каб мы апаражнілі ўсе гэтыя бочкі? — глыбакадумна запытаўся Сліва.

— Усё жыццё, — упэўнена адгукнуўся на пытанне Шадурскі.

— То давайце сядзець тут усё жыццё, — падрахаваў свае развагі таўсмач.

Бока, які стараўся і тут прапускаць тосты, праз нейкі час заўважыў, што вочы ў яго сяброў пачалі зліпацца. Паны яшчэ бадзёрыліся, крычалі: «Вып'ем!», але іхні запал ужо прыкметна атухаў. Сліва першы пачаў паціху храпці. Неўзабаве да яго далучыўся Шадурскі. Апошні завёў сваю мелодыю Скарлоцы. Наш герой нарэшце паставіў свой келіх, падняўся і скіраваўся да запаветнай аркі. Нячутна прайшоў ён праз усё памяшканне і неўзабаве апынуўся перад уваходам у тунель, які быў неасветлены і нагадваў каміннае паглыбленне. Ён непакоіўся, што хто-небудзь з паноў прачнецца і ўвяжацца за ім, а таму азіраўся і прыслухоўваўся. Але ў склепе было спакойна; мернае пахрапванне захмялелых ягамосцяў падмацоўвала гэты спакой.