Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 22

Юрий Аркадьевич Татаринов

Бока ступіў у тунель. У тую ж хвіліну ён пачуў дзесьці наўздалёк ледзь чутны брэх. Ён азірнуўся, намагаючыся зразумець прычыну пачутага. Але пад скляпеннямі было ціха. І тады хлопец зразумеў, што брэх далятае з глыбіні тунеля. Апрача брэху, выразна было чуваць екатанне, — гэта былі галасы некалькіх, можа, нават цэлага дзесятка сабак. Бока згадаў, што чуў падобнае сугучча сёння ў лесе, калі сабакі даганялі зайца. Між тым брэх і екатанне ўсё мацнелі. Праз хвіліну сталі чутны скавытанне і нават хрыплае частае дыханне. Гэтыя гукі імкліва набліжаліся.

Бока адно толькі паспеў выйсці з тунеля і адступіцца ўбок, як з цемрыва выскачыў напачатку заяц, а за ім, з брэхам і віскатам, выбег цэлы тузін ганчакоў. Хлопец адразу ж пазнаў, што гэта тыя самыя харты, якіх паляўнічыя згубілі сёння ў Сар'інскім лесе. Памеркаваць пра тое, якім чынам зграя трапіла сюды, у гэты склеп, яму не ўдалося, — заяц і яго даганятыя ўчынілі ў памяшканні сапраўдны вэрхал. Сабакі бегалі паміж бочак і па лесвіцы, яны рассыпаліся па ўсім склепе. Адзін з іх умудрыўся трапіць нават у студню.

А заяц скакаў, быцам замест ног у яго былі спружыны. Сабакі хоць і стараліся, аднак ніяк не маглі схапіць яго. Той быў спрытнейшы. Шум і валтузня пабудзілі задрамалую каля бочак тройцу. Добра начаркаваўшыся, не разумеючы, што адбылося, паны паўскоквалі на ногі і прыціснуліся да бочак, — відаць, ім падалося, што гэта новыя Садом і Гамора. Шадурскі першы ўскараскаўся на бочку. З незвычайным спрытам тое ж самае зрабіў і Скарлоцы. Не дзіва, што цяжэй за ўсіх было Сліву, — яму замінаў жывот. Да таго ж здарылася непрадбачанае: перапалоханы заяц раптам заскочыў таўсмачу на спіну, а са спіны пераскочыў на бочку, пакінуўшы такім чынам сваіх даганятых, як той казаў, з носам. Сабакі, брэшучы яшчэ мацней, чым колькі хвілін таму, скупіліся вакол таўсмача і бочкі, на якую ён намагаўся ўзлезці, а адзін, найбольш раз'юшаны, схапіў яго за панталоны. Спачатку пачуўся крык, а потым — трэск парванай матэрыі.

Бока кінуўся памагаць няшчаснаму, пачаў разганяць раз'юшаных сабак. У памяшканне ўбеглі лёкаі…

Хвілін праз пяць у склепе зноў запанаваў спакой, сабак пратурылі. Усе пагляды тым часам былі скіраваныя на пакутніка. Сліву трасло як у ліхаманцы. Апрача ўсяго, ён страціў асноўную частку свайго ўбрання. Гэтая няўпраўка, здавалася, засмуціла нават зайца, які ўсеўся на бочцы і здзіўлена вытарашчыў на таўсмача свае вочы.

Нечакана і вельмі недарэчы на ўзвышэнні з'явілася панна Яніна. Яна была дужа ўгневаная.

— Дык вось вы дзе! — каб усе пачулі, сказала яна. — Ну вядома, дзе ж яшчэ вы можаце быць! Гэтае месца акурат для вас — другая Мекка!

— Ды што ты, дачка, не кажы так, — стомленым голасам азваўся Шадурскі і пачаў асцярожна спускацца са свайго «п'едэстала». — Трохі пацешыліся. Спакойна, ціха.