Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 177

Юрий Аркадьевич Татаринов

Пахавалі панну Марыю ў фамільным касцёле Эрдзівілаў. Цяжкую труну пранеслі на руках да самага храма.

Каля варот касцёла працэсію сустрэў натоўп гараджан. Людзей у той дзень сабралася столькі, што княжацкім дружыннікам давялося зрабіць жывы калідор…

На пахаванне прыйшлі маладыя садоўнікі, сябры Яна. Прыехала і няшчасная Люцыя.

У касцёле труну паставілі на спецыяльнае ўзвышша. Пасля кароткай пропаведзі пачалося адпяванне. Амаль сотня манашак з гарадскога манастыра бернардынак чулліва зацягнулі жалобную песню. Пелі на лацінскай мове. Мелодыя была сумнай. Галасы іх то заціхалі, то пачыналі гучаць мацней, быццам высокая хваля, якая ўдарылася аб скалу…

На вуліцы плакалі ўсе: дарослыя і дзеці, бедныя і багатыя. Людзі называлі панначку ўжо не інакш, як святой.

Гадзіны дзве доўжылася адпяванне. Потым труну паднялі і панеслі ў апошняе прыстанішча — у склеп. Наперадзе, як і павінна было, рухаліся факельшчыкі і свяшчэннікі. За імі неслі труну. Замыкала шэсце доўгая шарэнга родных і блізкіх памерлай. Сярод іх была і няшчасная пані Кацярына.

Па распараджэнні князя труну паставілі ў той частцы склепа, якая была найбольш аддалена ад труны яго сына-вырадка.

У гэты дзень народ, які сабраўся каля касцёла, не разыходзіўся да змяркання. Нават калі зусім сцямнела, многія працягвалі стаяць, слухаючы і распавядаючы жалобную гісторыю панны Марыі. Гэту гісторыю перабольшвалі і пераказвалі да неверагоднага. І тым не менш, яна здавалася недаказанай. Людзі пыталіся, пагаджаліся, спрачаліся — і ўсё роўна не маглі задаволіць сваёй цікаўнасці. Можа, незразумеласць гэтай гісторыі ўтойвалася ў каханні Яна і панны Марыі. Бо сапраўднае каханне — гэта заўсёды тайна. Некаторыя з тых, хто сабраўся на плошчы, зусім зводзілі ўсё да таго, што ніякай панны Марыі не было, а была, быццам бы, пасланка Божая. Усявышні, маўляў, проста выпрабаваў Эрдзівілаў…

Калі на браме затушылі ліхтары, з касцёльнай плошчы найшлі апошнія жыхары. Іх «прагнала» завіруха, якая разгулялася амаль да раніцы. Засталася толькі адна-адзінюткая простая жанчына. Гэта была Люцыя. Яна стаяла і тупа глядзела на высокія цяжкія дзверы, за якімі знаходзілася недзе ў адзіноце яе пані. Люцыя ведала, што панна Марыя памерла і больш не патрэбна ёй дапамога і дружба сваёй служанкі. Тым не менш, яна не адыходзіла. Расказ пра страшэнную смерць панначкі не даваў ёй спакою. А жыццё без пані, якую яна з упэўненасцю лічыла самай добрай і ласкавай, уяўлялася няшчаснай Люцыі пустой і непатрэбнай. Дзяўчына зраднілася з паннай Марыяй, яна прывыкла ёй павінавацца ва ўсім.

Апошнія дні без яе даставілі ёй столькі пакут, колькі яна да гэтага моманту і не ведала. Кола жыцця быццам бы спынілася для яе. Яна працягвала чакаць распараджэнні пані…

Азябшую, яе, нарэшце, навялі са сквера садоўнікі, сябры Яна. Нехта падказаў ім, што каля варот касцёла замярзае маладая бяднячка, і тыя адразу здагадаліся, што гэта служанка панны Марыі.

Можна зразумець смутак беднай Люцыі. Але нават для яе час не зрабіў выключэння. Жыццё пасля смерці панны Марыі, працягвалася сваім звычайным ходам.