Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 175

Юрий Аркадьевич Татаринов

— Бывайце, ваша міласць. Спадзяюся, больш ніколі не ўбачымся.

Княгіня нічога не адказала. Яна прасачыла за тым, як ён выйшаў, потым павярнулася да дамавіны.

Панна Марыя сапраўды не выглядала на памерлую. Бледны твар яе як бы свяціўся знутры. Здавалася, яшчэ хвіліна і нябожчыца адкрые вочы… Заглядзеўшыся, княгіня ўздрыгнула. «А раптам!» — мільганула ў яе свядомасці. Але страх гэты быў імгненным, як парыў ветру.

Вельмі ўжо многа нянавісці накапілася ў яе да панначкі. Цяпер, калі ў яе з'явіўся шанс разлічыцца, яна радавалася. Ёй не было шкада ні здароўя свайго мужа, ні брыльянтаў. Ёй хацелася адпомсціць. Дзеля гэтага яна і ішла на страшэнны грэх. Княгіня, як патрывожаная змяя, нацэлілася выліць свой яд — і ўжо нішто не магло спыніць яе. «Хутчэй бы, хутчэй!» — прашаптала яна, не адрываючыся ад ненавіснага ёй твару.

XVIII

Лудзільшчык з'явіўся ў прызначаны час. Ён далажыў аб сваім прыездзе, пасля чаго асталяваўся ў лудзільні. Чакаючы загадаў, ён распаліў агонь у горане, праверыў кавальскі мех…

З надыходам ночы слугі ўнеслі ў лудзільню цела панначкі. Яны асцярожна знялі яго з насілак і палажылі ў цынкавы саркафаг, які быў выстаўлены пасярэдзіне памяшкання. Цырульнік прывёў у парадак прычоску панны Марыі, а прыслужніцы ўпрыгожылі яе сукенку штучнымі кветкамі. Калі ўсе выйшлі, майстар узяўся за сваю справу.

Ён падкінуў вугалю ў печ, паставіў на агонь гаршчок, напоўнены кавалкамі свінца, потым ён заняўся саркафагам. Ён узяў вечка, якое стаяла каля сцяны, і пачаў прымяраць яго на станіну. Сям-там вуглы давялося падагнуць малатком…

За акном лудзільні было цёмна. Снег, які выпаў мінулай ноччу, ужо растаў. У горане набіраў сілу агонь; яго гукі нагадвалі гул раззлаванага пчалінага рою. Іншы раз ні з таго ні з сяго пачынала трашчаць, распырскваючы воск, свечка, якая была ўстаноўлена на высокай падстаўцы пасярэдзіне памяшкання. Майстар працаваў, стараючыся не звяртаць увагі на нябожчыцу. Падагнаўшы вечка, ён зняў яго і спецыяльным каменем пачаў здымаць завусеніцы на яго краях. Пакончыўшы і з гэтым, ён зноў насадзіў вечка.

А тым часам свінец расплавіўся, пачаў напамінаць аб сабе ціхім бульканнем. Спрытна падхапіўшы гаршчок віламі і падтрымліваючы яго зверху абцугамі, лудзільшчык узяўся разліваць яго змесціва па канаўцы. Вадкі метал хутка заліў увесь памер канаўкі і даволі хутка ацвярдзеў. Майстар цярпліва прайшоўся яшчэ раз па ўсім контуры саркафага і запоўніў канаўку да краёў. На гэту работу ў яго пайшло не больш дзвюх хвілін.

Калі ўсё было скончана і гаршчок з лішкам свінца заняў сваё месца зноў на пліце, майстар не ўтрымаўся і паглядзеў на панначку. Ён здзівіўся… Панна Марыя паказалася яму ненатуральна прыгожай, — ніколі б ён не падумаў, што яна мёртвая. Нядобрае прадчуванне падказвала, быццам нейкі геній шапнуў майстру, што ён паспяшаўся. Паддаючыся волі прадчування, ён узяў сухі і чысты кавалачак тканіны і старанна працёр шкло саркафага.