Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 178

Юрий Аркадьевич Татаринов

XX

Праз сваіх агентаў князь Станіслаў некаторы час адшукваў доктара Гюльсгаўзена. Яму хацелася даведацца пра здарэнне не з паперы, якую перадала яму княгіня Ізабэла, а з вуснаў сведкі! Але немец як у ваду кануў. Можа, з ім расправіліся марадзёры па дарозе на радзіму. А можа, адчуваючы за сабой віну, ён пастараўся прыхавацца больш надзейна. Хто ведае… Нарэшце, пакінуўшы пошукі, князь зачыніўся на сваёй палавіне. На гэты раз самота яго была поўнаю. Ён перастаў ездзіць на сеймы, адказваць на лісты родзічаў. Ён цалкам адышоў у чаканне жыцця вечнага. У яго пакоях нішто не парушала спакою — ні музыка, ні галасы. Адзіная кніга, якую ён яшчэ чытаў, была Псалтыр. Падобны вобраз жыцця не мог не паскорыць яго канца. Аслабелае сэрца не вытрымала… Князь Станіслаў памёр праз год пасля смерці панны Марыі, загадзя заплаціўшы манастыру бернардынак за сваё адпяванне.

Доўгіх дзесяць гадоў пасля смерці князя ўладальніцай замка і эрдзівілаўскіх зямель была княгіня Ізабэла. Але надышоў і яе час. Смерць яе была жудаснай. Неяк зімой яна вярталася ў санным вазку з прагулкі. Фурман пагнаў да замка напрамую, праз возера. У адным месцы лёд нечакана трэснуў, і вазок праваліўся разам з коньмі. Выбрацца ўдалося толькі фурману…

Замак больш года заставаўся без гаспадара. Потым тут пасяліўся Эрдзівіл, асноўныя ўладанні якога знаходзіліся на Падоллі.

Пан Варлампій пасля смерці князя Станіслава выйшаў адразу ў адстаўку. Яму быў падараваны зямельны ўчастак і выплачана жалаванне за ўсе гады службы. На гэтыя грошы ён пабудаваў дом і завёў невялікую гаспадарку. Жаніцца, тым не менш, ён так і не пажадаў.

Пра пана Гнезскага чуткі хадзілі даволі часта. Нейкі час ён распісваў касцёл на Беласточчыне, потым перабраўся на захад Польшчы.

І толькі пан Кржыш працягваў служыць у замку. Дзякуючы яго клопату, пазней, пасля смерці княгіні Ізабэлы, у фамільным касцёле Эрдзівілаў з'явіўся мармуровы барэльеф. На ім — маладая асоба сядзела на труне ў пышнай сукенцы. Сэнс твора павінен быў гаварыць пра тое, што маладая панна перамагла саму смерць.

Сапраўды, панну Марыю памяталі ў горадзе. І памяць пра яе мела ўсе падставы захавацца надоўга. Прыгажосць панначкі, рэдкія душэўныя якасці прымусілі палюбіць яе, натхнялі таленавітых людзей. Быў напісаны яе партрэт, створана фрэска. Нарэшце каханне і натхненне, якімі адарыла яна простага чалавека, праявіліся ў з'яўленні вялікага і цудоўнага парка.

Парк сапраўды атрымаўся. Эрдзівілы ганарыліся гэтым тварэннем і дбайна яго даглядалі. Асабліва прыгожым ён быў у летні пагодлівы дзень. У самай нізіннай яго частцы размяшчалася блакітнае возера, а ў цэнтры, на ўзвышшы, стаяла белая, быццам вылепленая са снегу, стройная каплічка. Вакол узвышша было некалькі маляўнічых палян, у цэнтры кожнай з якіх расло якое-небудзь экзатычнае дрэва. Доўгая алея змейкай вілася па краі гэтых палян, ні разу не перасякаючы іх. Па гэтай прычыне дрэвы на палянах здаваліся недасягальнымі, як бывае недасягальнай сапраўдная прыгажосць і сапраўднае каханне. Канал перасякаў парк на дзве часткі. У адным месцы на канале шумеў вадаспад, які пасля смерці панначкі пачалі называць — Слёзы Марыі. Ахінаючы горку, вада мчалася па канале ў возера.