Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 176

Юрий Аркадьевич Татаринов

Твар панны Марыі быў цудоўны. Лудзільшчык чуў пра яе прыгажосць. Але не яна абвастрыла яго цікаўнасць, — майстар яўна ўбачыў, як рукі панначкі паварушыліся, а па твары прабегла сутарга… Ён хацеў патлумачыць гэту дзіўную з'яву дрыжаннем агеньчыка пырскаючай свечкі, таму ён зняў свечку з падстаўкі і паднёс яго да самага шкла саркафага. Здзіўлены лудзільшчык убачыў, як панна Марыя раптам паварушылася ўсім целам, быццам хацела прыўзняцца. Галава яе схілілася ўбок — і ў той жа момант цёмны струменьчык крыві выбег у яе з рота. Вочы раптам раскрыліся, і няшчасны лудзільшчык убачыў у іх боль. Панна Марыя, быццам рыба, якую выкінулі на бераг, пачала хапаць ротам паветра. Твар яе перакрывіўся ў страшэннай грымасе…

Валасы лудзільшчыка ўсталі дыбам. Ён адскочыў ад саркафага і, за нешта зачапіўшыся, паваліўся на спіну. Свечка, якую ён трымаў, патухла. Некалькі імгненняў, якія паказаліся яму вечнасцю, ён ляжаў нерухома, прыслухоўваючыся да цішыні і прыглядваючыся да водбліскаў святла са шчылін печы: яму здавалася, што ў лудзільню пранік невідзімкаю сам д'ябал! Ён ляжаў і чакаў халоднага дотыку да шыі. Водбліск дагараючага святла ў печы рухалі па сцяне з бярвенняў павялічаныя чырвоныя цені,— лудзільшчыку здавалася, што гэта таньчыць нячыстая сіла…

Дрэнна ўсведамляючы, што робіць, майстар падняўся і, падышоўшы да печы, запаліў свечку. Затым ён зноў наблізіўся да саркафага. Дрыжачай рукою ён паднёс запаленую свечку да шкла. Панначка ляжала ўжо нерухома, абхапіўшы горла рукамі. Вочы яе былі адкрыты, а адна шчака і пасмачка валасоў з аднаго боку былі запэцканы густой чорнай крывёю…

Кінуўшы свечку, лудзільшчык падскочыў ад страху, як заяц, і з дзікім крыкам кінуўся наўцёкі з памяшкання.

Ён выбег на двор. На небе, дзесьці каля самага гарызонта, паблісквалі першыя ранішнія праменьчыкі. Звар'яцелы лудзільшчык перасек двор і чамусьці панёсся ўверх на бастыён. Забегшы туды, ён, не раздумваючы, кінуўся ўніз — пакаціўся па мокрай гнілой траве ў роў. Ледзяная вада, аднак, не вярнула яго да супакаення. Ён перабраўся праз роў і, бясконца азіраючыся, згінаючыся і штосьці выкрыкваючы, быццам хтосьці гнаўся за ім і лупцаваў бізуном, пабег па насыпной дарозе далей — у бок горада. Здалёк ён нагадваў чалавека, якога атакавалі восы…

Яго крык пачулі ахоўнікі. Адразу ж за бегляцом была выслана пагоня.

XIX

Прайшоў цэлы тыдзень з той страшэннай ночы. Па загадзе князя, які вярнуўся з Варшавы, саркафаг раскрылі. Было ўстаноўлена, што панна Марыя памерла ад разрыву сэрца… Забальзаміраваўшы цела, саркафаг зноў запаялі і паставілі ўсё ў той жа Развітальнай зале. Аднак візіцёраў у гэты раз не пусцілі. Гэта акалічнасць, а таксама нечаканае вар'яцтва лудзільшчыка хутка выклікалі ў горадзе неверагодныя чуткі, сярод якіх была і праўдзівая — гэта тое, што панну Марыю заплавілі ў саркафаг жывой… Усе вінавацілі княгіню. Яўных доказаў у яе дачыненні да смерці як быццам не знаходзілася. Тым не менш, народ не сумняваўся, што злачынства гэта на яе сумленні.