Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 173

Юрий Аркадьевич Татаринов

На другі дзень, пад вечар, калі час візітаў скончыўся, ён увайшоў у залу і, надзеўшы манокль, зноў схіліўся над целам, — пашчупаў пульс, затым прыклаў люстэрка да носу панначкі. Ён нават укалоў яе іголкай. Але ўсе гэтыя эксперыменты нічога для яго не прасвятлілі. Пагайдаўшы агеньчыкі свечак, ён спусціўся з подыума і прысеў у бліжэйшае крэсла. Лоб і шыя яго ўзмакрэлі ад унутранага напружання. Яму здавалася, што ў гэты вечар яго пацыентка выглядае не так, як раніцой: і пастава ў яе была як быццам іншай, і колер твару. Такія перамены не здараюцца, думаў ён, з сапраўднымі нябожчыкамі. Доктар цяжка ўздыхнуў…

Ён не пачуў, як адчыніліся дзверы і ўвайшла княгіня. Чорным воблакам бясшумна праплыла яна па зале, паўстала перад задумлівым доктарам. Заўважыўшы яе, Гюльсгаўзен уздрыгнуў.

— Ну як? — накіраваўшы свой пранізлівы позірк, спытала гаспадыня замка.

Немец ужо дзяліўся з ёй сваімі сумненнямі. Ён нават асмеліўся выказаць сваё нездавальненне з нагоды спешкі з пахаваннем; ён адчуваў, што развеіць яго няўпэўненасць можа толькі час.

— Неверагодна! — шчыра прызнаўся ён і развёў рукамі, выказваючы тым самым сваю бездапаможнасць. — Першы такі выпадак у маёй практыцы.

— І ўсё-такі? — намагаючыся атрымаць больш пераканаўчы адказ, дапытвалася княгіня.

— Дайце яшчэ дзень, — папрасіў доктар. — Не спяшайцеся.

— Не толькі дня — нават гадзіны не дам, — адказала княгіня. — Ужо выклікалі лудзільшчыка. Вы зараз жа зробіце ўскрыццё і бальзамацыю.

Гюльсгаўзен падскочыў. Словы княгіні напалохалі яго. Ён усклікнуў:

— Навошта такая спешка, княгіня! Хто ведае, можа, я памыляюся! Я ж сказаў: не ўпэўнены, што яна мёртвая! Не спяшайцеся, прашу вас! Мы можам стаць саўдзельнікамі страшэннага злачынства! Прашу вас!..

— Чаму ж вы марудзіце? Дайце канчатковае заключэнне! — раззлавалася княгіня. — Вы, мабыць, развучыліся адрозніваць жывога чалавека ад нябожчыка?

— Неверагодны выпадак! Я не ўпэўнены!

— Ах, вы не ўпэўнены!.. Паміж іншым, вы пераконваеце мяне ў гэтым ужо цэлыя суткі!

— Але што я магу!..

— Пра тое, што вы нерашучы, я ўжо ведаю! Таму гавару: усё, хопіць! Яна мёртвая, і яе трэба пахаваць! Мы не можам больш марудзіць!

Княгіня ўзышла на подыум. Наблізіўшыся да нябожчыцы, яна ўважліва паглядзела ў твар сваёй ненавісніцы. Вочы яе пры гэтым звузіліся, а вусны скрывіліся ў злоснай усмешцы, — нейкая радасная думка прыйшла ёй у галаву.

Доктар, які назіраў за княгіняй, перахрысціўся, — яму раптам зрабілася страшна ад таго, што ён знаходзіцца адзін на адзін з гэтай асобай. Напаўголасу ён зноў пачаў прасіць:

— Хоць бы да раніцы, ваша міласць…

Але княгіня, абдумваючы нешта сваё, не палічыла неабходным яму адказаць.

— Ну чаму? — з абурэннем спытаў немец. Гаспадыня замка асцярожна спусцілася з подыума

і прайшла цераз усю залу да дзвярэй. Пераканаўшыся, што за імі нікога няма, яна вярнулася да крэсла і нечакана спытала:

— Доктар, якую суму вы павінны атрымаць па кантракце, які быў заключаны з вамі панам Станіславам? Здаецца, вы былі наняты на тры гады?