Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 172

Юрий Аркадьевич Татаринов

— Тут, — сказала яна з нейкай дзіўнай радасцю, якая выклікала страх. — Вось дзе яна, мая дачушка.

Яна падышла да насыпанага пагорачка, стала перад ім на калені і пачала клапатліва расчышчаць яго ад снегу.

— Тут, ну вядома ж, я адчуваю гэта, — дадала яна ўпэўнена.

Люцыя стаяла за яе спіной, у трох кроках, і не ведала, як ёй дапамагчы. Яна хацела адвесці панначку, але разумела, што зрабіць гэта немагчыма. Шкадуючы яе, яна таксама апусцілася на калені і пачала маліцца. Яна заклікала, каб Гасподзь убачыў яе пані і дапамог ёй.

— Табе холадна, маё дзіцятка, — між тым працягвала размаўляць сама з сабой панна Марыя. — Вазьмі вось гэта. — Яна раптам зняла з плячэй пакрывала, клапатліва накінутае на яе нядаўна ў спальні Люцыяй, і накрыла ім пагорачак. — Вось так, маё дзіцятка, мая малютка… Вось так…

Люцыя хацела плакаць, але не магла. Яе ахапіў жах. Яна адчувала, што пані звар'яцела. Рукі яе апусціліся. Яна забыла пра свой заклік да Госпада, проста стаяла на каленях і слухала.

— Вось так, табе ўжо цяплей, — прыгаворвала панначка.

Люцыі хацелася крычаць ад жахлівага болю. Міжволі яна азірнулася на замак. Здалёк было відаць, як у яго вокнах па чарзе загаралася святло. Здаецца, замак разбудзіла навіна аб знікненні панначкі. Аднекуль ужо даносіліся крыкі слуг, якія былі адпраўлены на пошукі. Сям-там у Старым парку мільгала святло ліхтароў…

— Спі, родная, спі, я з табой, я побач, — пагладжваючы даланёю пагорачак, ціха гаварыла панначка. Яна раптам паклала галаву на снег побач з магілкай.

Балючая спазма сціскала горла Люцыі,— няшчасная дзяўчына не магла бачыць, як пакутуе яе пані. Нечакана яна пачула непадалёк грубыя галасы: нехта крычаў, накіроўваючыся да Паповай горкі. Паблізу, у нізіне, замільгалі агеньчыкі ліхтароў. А неўзабаве было чуваць, як захлюпаў пад нагамі мокры снег. Гэта слугі, заўважыўшы бяглянак, спяшаліся ў іх бок…

XVII

У гэтую ноч замак зноў быў ахоплены трывогай. Як толькі заўважылі знікненне панны Марыі, слуг паднялі на ногі. Першае, што было зроблена, гэта тое, што ўзялі пад варту дружынніка, які выпусціў панну Марыю за браму. Пазней, калі бяглянку вярнулі, Люцыю па загадзе княгіні неадкладна выслалі ў Кляціху.

Панна Марыя не праяўляла ніякіх прыкмет жыцця. Дарэмна доктар Гюльсгаўзен імкнуўся знайсці яе пульс. Усё гаварыла пра тое, што яна мёртвая. І ўсё ж такі доктар не спяшаўся з канчатковым заключэннем. Яго няўпэўненасцю тут жа пакарысталася княгіня. Яна аб'явіла ўсім, што панначка сканала… Цела памерлай памылі і палажылі ў дамавіну белага колеру. На наступны дзень, з раніцы, у Развітальную залу былі дапушчаны візіцёры. Гаспадыня замка жадала, каб усе як мага хутчэй пераканаліся ў тым, што панна Марыя сапраўды памерла.

Панначка ляжала ў сваёй белай сукенцы — той самай, у якой яе калісьці маляваў Гнезскі. Твар яе быў белы, як снег. Затое вусны, здавалася, былі пунсовымі, і кожны, хто з'яўляўся ў зале, думаў, што яны нафарбаваныя…

Доктар Гюльсгаўзен па-ранейшаму сумняваўся. Ён не ўхваляў тое, што княгіня так спяшалася з пахаваннем панначкі. З другога боку, ніякіх довадаў да таго, што панначка жывая, у яго не было. Сэрца няшчаснай не праслухоўвалася.