Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 171

Юрий Аркадьевич Татаринов

— Гавары!.. — праз сілу прагаварыла яна. Люцыя пахітала галавой, адказала:

— Не магу. Не маю сілы!..

— Яна мёртвая?..

Люцыя моўчкі кіўнула галавой.

— Як гэта здарылася?

Як магла, Люцыя нарэшце паведаміла пра тое, што чула ад чэлядзі.

— Божухна, якая жорсткасць!.. — адазвалася панна Марыя. — Загубіць малютку, ні ў чым не вінаватае стварэнне!.. Які грэх!.. Гэта ж усё роўна, што загубіць анёла!.. І яна гаварыла, што захоўвае законы Божыя!.. — Панначка задрыжэла. — Хай будзе яна праклята!

Яна не плакала. Адчай яе быў на мяжы вар'яцтва; ёй хацелася памерці.

— Правядзі мяне туды, — нечакана папрасіла яна. — Хачу пабачыць яе магілку.

— Панначка, вельмі прашу вас, — пачала ўгаворваць яе Люцыя. — Не цяпер, не сягоння.

Але панна Марыя не слухала яе. Яна павярнулася і, як была ў доўгай начной сарочцы, шагнула да дзвярэй.

Люцыя схапіла пакрывала з крэсла і накінула яго на плечы пані. Ёй нічога не заставалася, як пайсці следам за ёю.

Яны выйшлі ў калідор. Наўрад ці панна Марыя ўсведамляла, што робіць. Безразважлівасць завалодала ёю. Пераадолеўшы парадную лесвіцу, яна прыблізілася да дзвярэй і адным штуршком адсунула цяжкую жалезную засаўку…

На вуліцы было холадна і сыра. На чорную зямлю камякамі валіў снег. Быццам дзве здані, панна Марыя і Люцыя, абедзве босыя, прабеглі па замкавым двары. Каля брамы заезных варот іх спыніў дружыннік.

— Нельга! — гучна сказаў той, калі панна Марыя ўчапілася пальцамі ў каваныя пруты брамы.

— Ты адчыніш, — ціха, але ўпэўнена адказала ахоўніку панначка. — Ты ж ведаеш мяне. І ты ведаеш, што мне туды трэба.

Ахоўнік нарэшце пазнаў яе. Ён пакланіўся, потым сказаў:

— Не дазволена, ваша міласць. Загад княгіні Ізабэлы. Пачуўшы ненавіснае ёй імя, панна Марыя выхапіла кінжал з ножан разгубленага ахоўніка і, замахнуўшыся ім, хрыпла крыкнула:

— Ты хочаш, каб я закалола цябе?.. Адчыняй! Адчуваючы, што ахоўнік не рашаецца, яна кінула яму пад ногі кінжал і раптам ціха сказала:

— Зразумей ты, добры чалавек, там, за гэтымі варотамі, мая дачка, маё дзіця. Яна чакае мяне. Я павінна быць з ёю!..

Гэта нечаканае адкрыццё падзейнічала на ахоўніка мацней, чым пагрозы. Ён ведаў, што зрабілі з малюткай. І ён не мог не спачуваць панне Марыі. Паразважаўшы з хвіліну, ён раптам падышоў да брамы, адамкнуў замок і зняў грымучыя ланцугі. Брама, скрыпнуўшы, адчынілася…

Панна Марыя кінулася ў чорную бездань аркі.

Вакол замка, на адкрытых месцах завываў сваю дзікую песню жорсткі вецер. Паляны былі белыя ад снегу. Сілуэты адзінокіх дрэў здалёк нагадвалі вялізныя чарнільныя кляксы на белай паперы.

Знаёмай алеяй бяглянкі неўзабаве дабраліся да мастка. Мінуючы яго, яны апынуліся на тэрыторыі новага парка. Нягледзячы на апраметную цемру, здалёк на Паповай горцы ўгадвалася каплічка. Панна Марыя накіравалася ў той бок…

Непадалёк ад старых крыжоў, якія пакасіліся і былі аблеплены слоем снегу, стаялі два стройныя, ненатуральна высокія крыжы. Панна Марыя пазнала свежыя магілкі Яна і псаломшчыка. Побач з імі, бліжэй да магілы Яна, быў насыпаны зусім маленькі пагорачак, — пакрыты слоем снегу, ён быў ледзь прыкметны.