Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 169

Юрий Аркадьевич Татаринов

Варта крыху падрабязней спыніцца на асобе гэтага чалавека, бо ён адыграе кароткую, але, пэўна, фатальную роль у нашай гісторыі.

Што прывяло гэтага немца ў прыватнаўласніцкі замак?.. Ну, вядома, жаданне зарабіць. Гюльсгаўзен ніколі не пакінуў бы жонку, дзяцей і свайго ўтульнага доміка, калі б не выгадная прапанова князя Станіслава. Сквапнасць найміта не ведала межаў. Ён браў грошы нават з княжацкай чэлядзі; цішком практыкаваў таксама і ў горадзе. Яго любімым заняткам быў пералік заробку. Звычайна ён забаўляўся гэтым позна ўвечары, перад сном; такая забава супакойвала яго. З гэтай мэтай ён зачыняўся ў кабінеце, даставаў з-пад ложка куфэрак і… аддаваўся асалодзе. Манеты, якія захоўваліся ў куфэрку, былі самыя розныя: і талеры, і злотыя, і сярэбраныя рублі. Захоўваліся там і розныя ўпрыгажэнні: пярсцёнкі, завушніцы. Куфэрак быў запоўнены на адну трэць. Але і гэта прыемна хвалявала скнару. Спрабуючы ацаніць скарб, ён у думках пераводзіў яго ў дублоны або ў талеры. Пры гэтым, аднак, яму ніколі не ўдавалася падвесці дакладную рысу пад сваімі падлікамі.

У апошнія дні ён асталяваўся ў спальні панны Марыі. Крызіс яе хваробы, які быў вызваны прастудай, прайшоў.

У яе пачаліся схваткі. У спешным парадку з горада была прывезена павітуха. Па ўсіх прыкметах панначка павінна была радзіць з дня на дзень. Але не самі роды хвалявалі доктара, — яго хваляваў стан пацыенткі. Яна адмаўлялася прымаць ежу, не адказвала на пытанні. Іншы раз ні з таго ні з сяго слёзы маглі паліцца з яе вачэй. Яна глядзела на слуг, на доктара, але, здавалася, не заўважала іх. Бясспрэчна, яе хвалявала нейкая сумная думка. Начамі панначка трызніла, і доктар, слухаючы яе, пачынаў думаць, што яна проста страціла розум…

Здаралася, калі хворая забывалася сном, у яе пакой прыходзіла княгіня. Апранутая ва ўсё чорнае, адпаведна адзенню манашкі, з белым, мужападобным тварам, яна была падобна на ката часоў інквізіцыі. Яе пранізлівы позірк, здавалася, так і свідраваў ненавісніцу. Княгіня выношвала абсалютна пэўнае рашэнне. Наносячы адзін удар няшчаснай, яна хацела другім і, калі спатрэбіцца, трэцім разам канчаткова зламіць яе. Яна цярпліва чакала, калі нанесці гэты свой апошні ўдар. І ўдзень, і ўночы ў спальні хворай дзяжурылі аддадзеныя ёй слугі.

Панначка павінна была прайсці праз усе прызначаныя ёй выпрабаванні. На змену дням, поўным шчасця, прыйшлі дні холаду і пакут… Яна нарадзіла дзяўчынку. Адразу, як толькі гэта здарылася, слугі захінулі немаўля ў белыя прасцірадлы, палажылі ў кошык і панеслі. Люцыя, занятая клопатамі аб здароўі пані, не змагла прасачыць за гэтым. Толькі пазней, калі яна даведалася, што зрабілі з маленькай, яна зразумела, што ў хуткім часе чакае і яе пані.

Яна даведалася, што па распараджэнні княгіні, нованароджаную закапалі на Паповай горцы, побач з тым месцам, дзе не так даўно пахавалі Яна і старога Пахомія.

Цэлы тыдзень пасля родаў панна Марыя знаходзілася паміж жыццём і смерцю. Яна то трызніла, то забывалася глухім, беспрабудным сном, калі ўсім, нават доктару, пачынала здавацца, што яна памерла. Люцыі, якая ўдзень і ўночы дзяжурыла каля яе ложка, часам рабілася страшна, — яна прыглядвалася да панначкі ў час сну, прыслухоўвалася да яе дыхання і з заміраннем сэрца хрысцілася. Панна Марыя ляжала пабялелая, як палатно, і прыгожая, як ружа, якая ледзь-ледзь распусціла пялёсткі. Тое, што яна была жывая, угадвалася толькі па пунсовых і прыпухлых вуснах, — тым не менш, заўсёды ў такія хвіліны Люцыя бегала за доктарам. Доктар прыходзіў і доўга карпеў над хворай. Ён выслухоўваў праз трубачку яе сэрца, падносіў да носа нашатыр. Іншы раз ён прымаўся бубніць нешта па-нямецку, быццам сварыўся. Можа, яму таксама здавалася, што панначка мёртвая?.. Яму ўсё ж такі ўдавалася прыводзіць яе ў прытомнасць. Мабыць, з падобнымі захворваннямі ён не сутыкаўся, бо кожны раз у час такіх візітаў на твары яго заўважалася шчырая разгубленасць.