Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 18

Юрий Аркадьевич Татаринов

— Уцёк, нягоднік! — узлаваўся Шадурскі. Ён тузаў свайго каня то ў адзін, то ў другі бок.

— А галоўнае — звёў за сабою ганчакоў,— дадаў Сліва. — Цяпер сабак не даклічашся да раніцы.

— Давядзецца вяртацца, — падрахаваў гаспадар Асвеі. Добры настрой у паляўнічых адразу знік. Яны былі

ўзлаваныя, што палявання не адбылося.

Вестка пра вяртанне ўзрадавала хіба аднаго Боку. Дзіва што. Усяго хвіліну таму яму здавалася, што не будзе канца яго пакутам. І цяпер, калі ехалі ў палац, ён імчаўся паперадзе ўсіх.

VII

У час полудня ў палацы, дзе за сталом сабраліся ўсе галоўныя ўдзельнікі нядаўняга палявання, падалі багата віна. Магчыма, такім чынам гаспадар хацеў загладзіць ранішнюю няўдачу. Як бы там ні было, але неўзабаве госці, ды і сам Шадурскі, добра-такі падпілі. Нават наш Бока адчуў прыкметнае галавакружэнне, хоць і ўмудрыўся прапусціць добрую палову тостаў. Не каштавала віна хіба што адна маленькая панна.

Шадурскі ў чарговы раз падняў свой вялізны, бы ваза, келіх і сказаў:

— Вып'ем за пана Вальдэмара!

— Але мы ўжо пілі за пана Вальдэмара, — адразу ж азваўся, гледзячы перад сабою ў талерку з салатаю, Сліва.

— Вып'ем яшчэ раз! — упарта паўтарыў гаспадар. — Пан Вальдэмар — мой госць. Да таго ж ён іншаземец. І я хачу!.. — Тут яго штосьці ўзлавала, ён падняўся і, тупнуўшы нагою, раўнуў: — Прашу паважаць майго госця!

— Я асабіста стаўлюся да пана Вальдэмара з глыбокаю павагаю, — з пачуццём сказаў Сліва і ікнуў, нібы пацвярджаючы свае словы.

Скарлоцы, відаць, вырашыў, што заўвага Шадурскага тычыцца яго, бо падняўся і, нечакана перагнуўшыся праз стол, пацалаваў хлопца. Выканаць яму гэты трук дапамог гулівераў рост. Зрабіўшы гэта, вусач прагундзеў:

— Пан Вальдэмар, даруйце мне. Я быў грубы, як апошні сабака. Дакараю сябе за гэта… — Ён хацеў працягваць, але ў ягоным горле як захрас камяк. Лішак віна размякчыў ягонае сэрца. Скарлоцы хацелася скардзіцца. З яго вачэй раптам паліліся слёзы. Перасільваючы спазму, ён сказаў: — Я ненавіджу сябе, пан Вальдэмар… Я…

— Годзе, годзе, мой сябра, — спыніў яго Шадурскі.— Усе ведаюць ваша шчырае сэрца. Даволі. Я ўпэўнены, пан Вальдэмар не трымае на вас зла.

— Ды я гатовы на калені!.. — усхвалявана ўсклікнуў італьянчык і, з шумам адсунуўшы крэсла, выйшаў з-за стала.

— Не трэба, не трэба!.. — заспяшаўся спыніць яго Бока. Ён таксама падняўся — падаў руку свайму нядаўняму суперніку.

Шадурскі ступіў да Скарлоцы, абняў яго.

— Сябра мой, — паўтарыў ён, — супакойцеся!

Але тут усе вымушаны былі здрыгануцца, бо пачулі, што крычыць таўсмач.

— На калені! — віскнуў той і так ударыў па стале далонню, што пападалі келіхі. Ён уперыўся сваімі асавелымі вачамі на Скарлоцы, спрабуючы надаць твару гнеўны выраз. Аднак гэта ў яго не атрымлівалася. Нечакана ён пахіснуўся і ўпаў тварам проста ў талерку з салатаю.

За сталом запанавала магільная цішыня. Калі таўсмач адхіснуўся на спінку крэсла, усе ўтаропіліся на яго загрыміраваны прыправаю твар са спачуваннем. Усе — апрача панны. Тая паклікала лёкая і штосьці рэзка выказала яму на вуха. Лёкай пакорліва пакланіўся.