Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 105

Юрий Аркадьевич Татаринов

Звычайна, пахадзіўшы па парку, панна Марыя пераходзіла навясны мосцік і выбіралася на паляну, у цэнтры якой, на ўзвышэнні, стаяла закінутая каплічка. Папова горка адначасова і трывожыла яе і вабіла. Яе палохалі людзі, якія часцютка з'яўляліся каля сцен прытулку. Як правіла, яны былі бедна апрануты, непаголеныя і непадстрыжаныя. Часам было чуваць, як на горцы нехта граў на дудачцы. А іншы раз адтуль даносіўся спеў… Панначку цягнула на горку яе дапытлівасць. І ўсё-такі страх пераадольваў,— так ніводнага разу і не асмелілася яна туды падняцца.

Дні па-ранейшаму стаялі пагодлівыя, цёплыя, хоць па календары ўжо і наступіла восень. Прагулкі за межамі замка дапамагалі бавіць час. Пасля візіту да Гнезскага і кароткага сняданку, панна Марыя адпраўлялася ў Стары парк і там гуляла, у адзіноце, да самага абеду… Аднак неўзабаве здарылася так, што прагулкі гэтыя ёй давялося спыніць.

У гэты дзень, вяртаючыся ў замак, яна ішла па цэнтральнай паркавай дарожцы. Нечакана з-за кустоў прама на яе выкаціў на калясцы князь Іржык. Адразу ж адтуль з'явіўся і яго неразлучны слуга Дземянцей… З некаторага часу любая сустрэча з маладым князем прыносіла панне Марыі сапраўдныя пакуты. Князь тарашчыў на яе вочы, усміхаўся, працягваў да яе свае рукі. Сімпатыя ідыёта прыгнятала панначку. Апошняя не ведала, чым адказаць яму; сустракаючы яго, яна заўсёды старалася як мага хутчэй пайсці. На гэты ж раз звярнуць не было куды: з абодвух бакоў шчыльна акружалі яе хмызняковыя зараснікі, а таму панна Марыя направілася насустрач панічу.

Іржык утаропіўся на яе, як бездар на геніяльнае тварэнне. Здавалася, ён быў чымсьці напалоханы. Твар яго наліўся крывёю, а на вуснах блішчэла сліна…

Панначка паспрабавала абысці яго. Але Іржык зрушыў каляску — і зноў перагарадзіў ёй дарогу. Затым, выбраўшы самае важкае слова, адразу ж растлумачыў свой стан.

— Хачу!.. — тэнарам прапеў ён і раптам учэпіста схапіў панначку за руку вышэй локця.

Маленькі букецік палявых кветак, які сабрала яна каля падножжа Паповай горкі, выпаў у яе з рук, трапіў пад кола.

Панна Марыя застыла на месцы ні жывая ні мёртвая. Яна адчула, які моцны малады князь. І ўсё ж такі, сабраўшыся з духам, яна змагла крыкнуць: