Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 74

Алексей Николаевич Якимович

Янка амаль не слухаў яго. Так падмывала дакрануцца да шкла! Няўжо яно халоднае, што лёд? Як дакрануцца? Гандляр стаіць, пазірае. Але ж рукі так свярбяць!..

Ён не стрываў, дакрануўся да тоўстага збана. Дзіўна. Шкло зусім не халоднае, нават цёплае. Ці не ад таго, што нагрэтае сонцам?

Набраўшыся смеласці, пстрыкнуў пальцам, пацэліўшы пазногцем. Шкло, як здалося яму, жаласна зазвінела. «Яно ж плача. Яно нібы жывое», — пранеслася ў галаве.

— Хлопец, разаб'еш, — усклікнуў гандляр.

Янку стала сорамна. Дакрануўся не запытаўшы, а пасля яшчэ і пстрычку даў. Заплакала шкло…

Ён пацягнуў Яся за рукаў.

— Хадзем далей.

«Шкло плача… Шкло тое, што плача, — думаў ён. — Плача, бо баіцца, што разаб'юць. Трэба далікатна з ім».

Яны сталі каля гандляра, які прадаваў чаравічкі і боты з чырвонай, жоўтай і зялёнай скуры, аздобленай прыгожымі ўзорамі.

Янка заўважыў, што Ясь не зводзіць вачэй з гэтага багацця. Ён быццам прыкіпеў.

— Ведаю, што хочаш купіць, — тарганула яго за рукаў Алеся.

— Што? — азваўся Ясь.

— Чаравічкі. Маёй Паўлінцы. Мне Паўлінка сказала. Прызналася.

— Мае чаравічкі носкія, на назе лёгкія. Ваша Паўлінка будзе скакаць, што вавёрачка, — сказаў гандляр.

— Вось як! — прамовіў Ясь. Гандляр падаў чаравічкі.

— Хіба не прыгожыя? Хіба не зграбныя? Яны сапраўды былі прыгожыя: цёмна-ружовыя, расшытыя шарсцянымі зялёнымі ніткамі. Асабліва Янку спадабаўся ўзор-малюнак. У самым цэнтры ён падобны на сэрца, ад яго ідуць завіткі, быццам кудзеркі ў кучаравай дзяўчыны, а ў сярэдзіне малюнка — кругі, крыжы. Ён не стрымаўся, запытаў:

— Хто ж так вышываў?

— Сам, — пахваліўся гандляр. — Сам шыю — сам прадаю.

— Вы не толькі гандляр, але і шавец?

— І шавец, і на дудзе ігрэц. Прыходзіцца і вышываць. Спярша на скуру малюнак наношу. Пасля іголкай вышываю. Можна залатымі ніткамі. А можна, як і тут, шарсцянымі.

— Чаму скура рознага колеру? — запытаў Янка.

— Пра мой сакрэт хочаш праведаць? Папрасіся ў бацькі, каб адпусціў да мяне ў навуку. Усяму навучу.

Янка апусціў вочы. Някепска было б навучыцца. Шмат аддаў бы, каб так умець. Але ж…

— Наш Янка будзе кніжкі чытаць. І сам напіша кніжку, — сказаў Мацей.

— Вялікім чалавекам стане, — прамовіў шавец. — Такому не грэх і свой сакрэт раскрыць. Слухайце, ды, як гаворыцца, на вус матайце. Каб скура пафарбавалася на чырвонае, я яе націраю парашком з абпаленай чырвонай гліны. А каб на чорнае зрабіць, іншы фарбавальнік бяру, з соку вольхі. Не кожны яго здабудзе.

«Як многае ўмеюць людзі! Якія разумныя яны, якія зграбныя ў іх рукі! Калі ж я ўсяму навучуся?» — думаў Янка.

— Прыгожай Паўлінцы трэба прыгожыя чаравічкі,— не спыняўся гандляр. — У гэтых чаравічках Паўлінка ластаўкай праляціць. Бачыце, якія ў іх борцікі-берцы? Адкладныя. Захочаш — апусціш, захочаш — паднімеш.

Ясь дастаў невялічкі дубчык, прыставіў да падэшвы чаравічка.

— Якраз на яе нагу, — прагаварыў.

— Добрым словам мяне ўспомніце, — узрадаваўся шавец. — Гляньце, якія тут раменьчыкі. Спераду завяжаш — нізашто чаравічкі не спадуць.

— Наша Паўлінка і без раменьчыкаў не згубіць, — прамовіла Алеся.