Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 133

Алексей Николаевич Якимович

Пан Бадзей падштурхнуў яго да слупа.

— Бачыш, што напісана? Чытай.

— Не пішчаць і не маліць, калі будуць тут тапіць, — давячыся слязьмі, прачытаў ліліпут.

Пан Бадзей павярнуўся да натоўпу.

— Сам паэт Карней напісаў!

Людзі стаяць, збіўшыся, як авечкі. Хоць бы голас у адказ. Толькі ліліпут носам шморгае, усхліпвае.

Пан Бадзей зыркнуў на яго.

— Тут мы не аднаго галавою боўтнулі. І цябе зараз боўтнем. Не пішчаць і не маліць. Запомніў?

Дык вось для чаго выкапалі возера! Не для таго, каб купаліся. Не для таго, каб рыбу лавілі. Каб людзей тапіць. За што хочуць утапіць ліліпута? Каму ён кепскае зрабіў?

Пан Бадзей зірнуў на ліліпута.

— Можа, цяпер правільна раскажаш? Давай дапамагу. Славім сонца і свабоду, што даў цар свайму… Ну, ну… Як далей?

Ліліпут, размазваючы па шчаках слёзы, прамовіў:

— Наоду.

Пан Бадзей звярнуўся да натоўпу:

— Людцы, чулі? Верш не так расказвае. Паўдня з ім мучуся. Што будзе, калі вершы пачнуць расказваць няправільна? Кожны па-свойму? Не будзе парадку. Мы за парадак. Расказвай верш так, як ён напісаны.

Ну і ну! Топіць ліліпута за тое, што верш расказваў няправільна. Калі б у нас гэтак было, то ў школе ніводнага вучня не засталося б. У нашай школе, калі зададуць вывучыць напамяць, то такога наслухаешся, што, як гаворыцца, і наплачашся, і нарагочашся.

— Людцы! Бачыце ёлупня? — працягваў пан Бадзей. — Расказвае, як яму захочацца. Ён нашага народнага цара Іванку не паважае.

— У-у-у… — усхліпнуў ліліпут.

Пан Бадзей узняў угору руку, сціснутую ў кулак.

— Ён нікога не паважае. Нават сябе. Такому ў возеры месца. Не пішчаць і не маліць!..

Над возерам вісела цішыня. Здавалася, усё-ўсё заціхла. Здавалася: усе-ўсе гукі пан Бадзей сцяў у кулаку, які, як доўбня, вісеў над натоўпам.

— Ы-ы-ы… — не выцерпеў ліліпут.

— Раскажы правільна. Дарую, — вылупіў вочы пан Бадзей.

— Славім сонца і свабоду, што даў цаў свайму наоду, — прамовіў ліліпут.

Дык ён не ўмее вымаўляць літару «р». Ведае пан Бадзей. Знарок прымушае, каб расказваў гэты верш.

— За наоду пойдзеш на воду, — крыкнуў пан Бадзей і моцна штурхнуў ліліпута ў плечы.

Ліліпут пляснуўся тварам у ваду, знік, пасля паказаўся і, шырока-шырока раскрыўшы рот, закрычаў:

— Наоду!

Пан Бадзей так і паехаў з рогату:

— Ха-ха-ха… І ў вадзе не навучыўся.

А ліліпут, што паплавок, то з вады, то пад ваду, усплёскваючы рукамі.

— Саломінку! Падайце саломінку! — загарлапаніў пан Бадзей.

Адзін са стражнікаў падаў пану Бадзею доўгую, не меней як на два метры, саломінку (невядома, дзе ўзяў такую, можа, склейвалі?). Пан Бадзей працягнуў яе ліліпуту.

— На! На!

Нездарма кажуць: калі топішся, то і за саломінку ўхопішся. Ліліпут схапіў саломінку рукою. Яна адразу ж пераламалася.

Мяне быццам невядомая сіла штурхнула. Я выбег на бераг, ступіў у ваду, намачыўшыся да пояса, і працягнуў кій, які ўсё сціскаў у руках. Ліліпут ухапіўся за яго абедзвюма рукамі, і я пацягнуў чалавека на бераг.

Не памятаю, калі падляцеў да мяне Пятрусь, калі стаў дапамагаць. Але мне навек запомніўся ліліпутаў твар: сіні, перакошаны страхам.