Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 116
Алексей Николаевич Якимович
— Людзі,— прагаварыў Пятрусь.
— Тля, а не людзі! Тля! Ужо казаў вам. Можа, паслаць вас туды? Пабачыце, якія яны.
Вось каб вырвацца з ягоных лап! Каб хоць хвілінку яго не бачыць. Будзе шчаслівай тая хвілінка.
— Адпусціце, — паціху сказаў я. Вядзьмак скрыгітнуў зубамі.
— Пойдзеш направа — станеш абыякавы, сумленне страціш. Чыталі ж.
Так, чыталі. Ды хіба не страціш сумленне, калі з ім пабудзеш? Людзі стануць пляваць услед, стануць пальцам паказваць. Мама горкімі слязьмі зальецца… А мо таксама плюне ўслед?
— Адпусціце, — папрасіў Пятрусь.
— Пойдзеш направа — станеш абыякавы, сумленне страціш, — паўтарыў Казімір Міронавіч.
— Мы ўжо прыйшлі направа, — уздыхнуў Пятрусь.
— Не, вы яшчэ не прыйшлі. Яшчэ прыйдзеце. Каго шкадуеце?..
— Нам можна ісці? — запытаў Пятрусь.
— Ідзіце! Праз поле. Там горад. Буду чакаць. Вернецеся…
Мы з Петрусём з палёгкай уздыхнулі. Нарэшце вырваліся з лап ведзьмака. Нарэшце сустрэнемся з людзьмі.
Мы ішлі па дарозе, абсаджанай стройнымі бярозкамі. Вакол, куды ні глянь, каласы. Наліваюцца важкім зернем. Над полем лятаюць, пераклікаюцца птушкі. Вось нейкая маленькая, як камячок, узляцела з бярозкі, пырхнула ўгору і заспявала: «Сіп-сіп-сіа-сіа-сіа…» Пасля каменем уніз. Заскакала па дарозе.
— Гэтая птушка называецца конік лясны, — сказаў Пятрусь.
Я засмяяўся. Неяк дзіўна гучыць. Птушка, а конікам назвалі. Няўжо таму, што скача, нібы конь?
Лясны конік прыўзняўся, праляцеў колькі метраў, апусціўся, прысеў. Некалькі крокаў засталося да яго. Я міжволі працягнуў руку, хацеў схапіць яго. А ён пабег, падскокваючы.
— Ад свайго гняздзечка адводзіць, — прагаварыў Пятрусь. — Баіцца, што разбурым.
І ён, конік лясны, баіцца. Як і мы. Не, не кранём твайго гняздзечка. Радуйся сонцу, жыццю, людзям песні спявай.
Я ўзмахнуў рукою. Лясны конік узляцеў, трапечучы крылцамі, і заспяваў працягла: «Сіп-сіп-сіп, сіа-сіа-сіа…»
— Ведаеш, што мы людзям скажам, калі прыйдзем у горад? — звярнуўся я да Петруся.
— Што?
— Скажам, што іхняе жыта ад спёкі выратавалі. Нам узнагароду дадуць.
Я ўявіў, як стаім мы з Петрусём у вялізнай зале, дзе ўсё аздоблена золатам і каштоўнымі камянямі, а валадар горада прышпільвае нам на грудзі ордэны. Іграе музыка, людзі цягнуць рукі, каб павіншаваць нас.
— Вось каб на ордэнах быў партрэт самога валадара! — выказаў я ўголас тое, пра што думалася.
— На якіх ордэнах? — не зразумеў Пятрусь.
— На тых, якія нам уручаць. Няхай і дома на валадара паглядзяць.
Пятрусь разявіў рот.
— На якія ордэны? На якога валадара?
— У кожнай казачнай дзяржаве ёсць валадар.
У гэтым горадзе таксама ёсць. Я абавязкова скажу яму, што мы жыта ад спёкі выратавалі. Нам ордэны дадуць. Хіба не заслужылі? Ад усёй душы стараліся. Ты можаш ад свайго ордэна адмовіцца. А я не адмоўлюся. Няхай будзе як памяць. Я яго сваім унукам аддам.
— Ха-ха-ха… Унукам, — зайшоўся ад смеху Пятрусь. — Папрасі валадара, каб яшчэ адзін ордэн даў. Яго праўнукам перадасі. Яны яго па чарзе стануць насіць.
Канешне, я крыху нафантазіраваў. Канешне, гэты ордэн я не насіў бы. У свой школьны музей яго здаў бы. Шмат рэчаў у нашым музеі. І лапці, і цапы, і стары куфар, які Пятрусь з дому прывалок. Дый такія музеі, такія рэчы не ў адной нашай школе. А вось ордэн з казкі… З усіх канцоў людзі прыязджалі б, каб на яго паглядзець. Нават з-за мяжы прыперліся б. Не ў аднаго замежнага мільярдэра вочы на лоб палезлі б. Пазайздросцілі б нам. Можа, нават папрасілі б, каб ім за мільёны прадалі. Не! Да нас едзьце. У нас ёсць, а ў вас няма. Няхай лезуць вочы на лоб.