Читать «У чым яго крыўда?» онлайн - страница 29

Максім Гарэцкі

А Лёксін бацька злаяўся і плюнуў з печы аж на мост, на вольную мясціну:

- Сораму не маюць. На галаве пачынаюць хадзіць.

Дзеўкі смяяліся і казалі Лёксе:

- Лявонава жонка! З намі, дурнымі, гаварыць не захочаш...

- А ідзіце вы ўжо ад мае галавы! - гневалася Лёкса без гневу.

Навіны ў Цёмналессі расходзяцца шыбка. На вуліцы ў той вечар, калі Лаўрынька, разам з другімі дзяцьмі, прыехаў на каўзель і пакаціўся з гары, ён меў вялікую прыкрасць. Наехаўшы няўмысля з сваёю маразянаю казою на маразянае рэшата Мікіцёнкавае Ходачкі, ён пачуў:

- Лёксін дзевярочак! Едзе прост на маразянку, як сляпіца дурная.

Лаўрынька счырванеў, як рак, і кінуўся біць Ходку. Але яна ўцякла, а ўсе малыя каўзельнікі сталі смяяцца і крычаць:

- Лаўрын, Лаўрын - Лёксін дзевярочак, далігойда! Лаўрын, Лаўрын - Лёксін дзевярочак, далігойда!

Лаўрынька заплакаў, завярнуўся з сваёю казою і пацягнуў яе дамоў.

Калі ён увайшоў у хату, матка з дзядзінаю сядзелі на запечку і таксама гаманілі пра той ліст. А бацька ляжаў на палу з мокрым ручніком на лобе і, заглушаючы боль, сварыўся:

- Пісьмы дзеўкам уздумаў пісаць. Заказное! Ці прыслаў нам хоць калі заказное. Ці тут разумеюць што? Ведама, мужыцкая дурата. Адно - людзі будуць выскаляцца і разлахаюць па ўсёй воласці. Скажуць: даўчыў сына!

- Хто там табе што скажаць? - смяялася матка. - Пажартуюць і перастануць. Лёксе сорам - не яму.

- А ўжо ж... заступайся за яго. Даўчыўся... гаворыць па-мужыцку, - дурань другі падумае, што ён і не ўмее па-кніжнаму. За ўсе святы носу нідзе не паказаў сярод паважнейшых людзей, а з гэтаю паганкаю паспеў дружбу наладзіць. Чым далей, тым гаршы. Слухае самакратаў усякіх (так бацька называў усіх дэмакратаў і наогул вальнадумаў). Самакрацкія кніжкі чытае!

- У яе на руках кароста! - зганіў Лёксу Лаўрынька.

- Яна сабе дзеўка працавітая, - уставіла сваё слова нейтральная дзядзіна, - толькі што язычлівая троху...

- Працавітая! - страшэнна загневаўся Задума. - Працавітая, дык роўная Лявону? Мужыку якому працавітая, а не яму!

Сумна скончыўся гэты дзень у Задумавых, але горшыя прыкрасці былі наперадзе.

На другі дзень раніцаю, калі Задума ішоў па ваду, ён пачуў, што ля калодзежу нейкая сварка. Прыстоіў, прыслухаўся...

- ...Ды ўсё роўна не возьме Лявон твае курносае пляменніцы, - наругаўся стары Хомка Лёксінай цётцы, - ці ён жа гэта ўжо сабе вучонай не знойдзе, што ўсю сваю навуку сабацы пад хвост пакладзе... Ай яму паненак мала ў свеце?.. Пад брыльком?.. Ці што?

- Сам ты стары брыль! - крычала звяглівая Лёксіна цётка. - Чорт стары, куды ты вядро ставіш? - і Хомкіна вядро пад яе рухавымі рукамі без міласці забарабаніла на лёд.

- Ды не возьме! Ды не возьме! Чым маё вядро вінавата? Я тваё так стукну, што і клёпак не сабярэш!

Задума ціханька завярнуўся і з пустымі вёдрамі, як абсмеяны туляга, паплёўся дамоў.

А троху пазней, але ў той жа дзень, бедны Лаўрынька меў клопат у школе. Пасля даўгіх душэўных мук ён дастаў з торбачкі спісаны сшытак, што настаўніца яму аддала назаўсёды, і, аглядаючыся, падышоў к Просьцы, Лёксінай меншай сястрыцы.