Читать «У чым яго крыўда?» онлайн - страница 27
Максім Гарэцкі
Тым часам, не паспела вярнуцца хворая, аж тут другі хворы... Спачатку пачала яго забіраць млявасць, пад абед жа так заламіла яму ў галаве, так пачаў казлы драць, што, як вярнулася яна, - думала: канчаецца яе чалавек. Затым і не сказала яна адразу аб навіне, якую пачула. А навіна была цікавая.
Дзеля таго што да Мікітавых было бліжэй, чымся да Якубавых, Задуміха з старою Міхасіхаю зайшлі пасядзець у Мікітавых. Там жа была ў супрадках і Лёкса. І яшчэ да іхнага прыходу была там такая гаворка... Гаманілі пра Лявона.
- Запанеў ужо Лявон, з нашымі дзеўкамі займацца не хоча, - сказала Мікітава нявестка.
- Ды ў Лёксу ўлюбіўся, - падміргнула на Лёксу Мікітаўна.
- А ідзі ўжо ты!.. - крыкнула, пачырванеўшы, Лёкса, ураніла верацяно і парвала нітку.
Яна хацела бараніць Лявона, як родненькага брата, хацела казаць, што ён зусім не запанеў, але саромелася.
- Ці ён сабе не знойдзе жонкі ў горадзе, пад брыльком? Нашто яму, вучонаму, нашы дзеўкі ў хустачках? - з пэўнасцю, каб падражніцца, казала ізноў нявестка.
- Купіць Лёксе шляхецкі капялюш, вось і будзе... - зарагатала Мікітаўна, а за ёю і нявестка. І Мікіціха не ўцерпела ад смеху, нават самой Лёксе зрабілася смешна...
- Во і хадзі к табе ў супрадкі, - паказала, аднак, крыўду Лёкса, - ты ўсіх толькі прасмяхаеш.
- Ай, мае вы дзетухны! - сказала тады Мікіціха. - Усё вы жартуеце, а я дык не жартамі іму веры, што Лявон, хоць і вучоны, а можа ўзяць наскую, простую. Добры хлопец, дай Бог яму здароўя. Гэта ж другі хамула няўчоны пабудзе ў свеце, дык ужо к яму не прыступіцца: «как-ста», ды «что-ста», «я-та ста ўсё прайзашол, а вы-та ста няўчоная дзеравеншчына»... Бліскучыя боты гармонікам уздзене, дык думае, што ўжо ён несусветнай далікатнасці. А глядзіце, Лявон заўсёды з намі, як свой. Ні ён гэтых «как-ста», ні ён гэтых «что-ста»...
- Ён наўмысля прыстаўляецца, а ў ім гордасць, як у злым, сядзіць, - запярэчыла нявестка.
- Ай, няпраўда твая! - бараніла Лявона Мікіціха. - Ён і любіць усё сваё простае, ён і пагаворыць з простым чалавекам, як чалавек...
Мікіціха хацела і яшчэ многа чаго добрага сказаць пра Лявона, але якраз на гэтых яе словах у хату ўвайшоў стараста.
Ён даў дзяньдобры, аббіў гальнём снег з лапцей і сказаў:
- А дзе ж вашы мужчыны і хлопцы?
- А ў дровы паехалі, Самсонавіч! Ай справа якая? - зацікавіла Мікіціху.
Стараста вясёла ўсміхнуўся.
- Ды такая справа, што бачу адных баб і дзевак, а людзей нікога няма...
- А мы ўжо і не людзі, Самсонавіч? - засмяялася Мікіціха. - Што ж гэта цягнеш там з-за пазухі, ці не ліст каму?
- Жартую, цётка Мікіціха, жартую! Як жа вы не людзі, калі ўжо і дзеўкі нашы ў людзі ідуць... Во, ужо лісты адзержваюць! Не ведаю толькі, ці ўмеюць самі чытаць? - і падаў Лёксе ліст: - Маеш, курносая!..
- Ад каго ж гэта? - пачырванела, як каліна, Лёкса.
- Ад каго? - пэўна ж ад маладога, не ад старога! - правіў свае жарты стараста. - Шкода, што няма нікога з хлопцаў, а то зараз бы даведаліся, што там такое табе пішуць.
- Можа, гэта не мне? - як не плакала Лёкса, разбіраючы па складах адрас. - Тут нешта напісана «Эсфір» нейкая...