Читать «Турэмны дзённік» онлайн - страница 7

Хо Шы Мін

«ГАСЦІНІЦА»

Навічкам, як зазвычай, месца даюць Ля смярдзючага туалета. А хочаш паспаць у турэмным «раю» Заплаці ім шчодра за гэта.

РАНІШНЯЕ СОНЦА

Промні сонца прабіліся нават сюды, Спапялілі цемру, начныя кашмары: I ў гэтым злавесным прыстанку бяды У вязня ўсмешка захарашэла на твары.

«У В'ЕТНАМЕ ХВАЛЯВАННІ»,— ПАВЕДАМЛЯЕ НАНЬНІНСКАЯ ГАЗЕТА

Загінем, а ў рабстве мы не звякуем, Зноў сцягі з'ядналіся з барацьбой; Крыўдна, што я ў турме ўсё «гасцюю», Не маю мажлівасці рынуцца ў бой.

АНГЛІЙСКАЯ ДЭЛЕГАЦЫЯ Ў КІТАІ

Амерыканцы паехалі, тут як тут англічане са світай, I іх сустракаюць усюды, як самых жаданых гасцей; Я і сам — дэлегацыя, і ў Кітаі таксама з візітам, А прымаюць мяне па-турэмнаму «крыху» прасцей.

ПЕРАВЯЛІ ВА УМІН

18 лістапада

Прывялі ў Наньнін, Перавялі ва Умін; Сюды-туды водзяць. Я абураны Годзе!

САБАЧЫНА Ў БАОСЯНЕ

У Гадэ — канвойцы на свежую рыбу ласыя, У Баосяне — смакуюць сабачае мяса; Аказваецца, і канвойцы, бачыш, таксама Нядрэнна ў жыцці разбіраюцца часам!

КУЛІ — БУДАЎНІКІ ДАРОГІ

Пад дажджом і ветрам, сябры знямозе, Працуюць кулі ў паслушэнстве зацятым сваім; А з тых, што пройдуць, праедуць па гэтай дарозе, Ці ўспомніць хто іх, ці скажа хто дзякуй ім?

ВАРТАВЫ ЎКРАЎ МОЙ КІЙ

Ты заўжды памагчы быў, як сябра, гатоў, Мы пратупалі столькі з табою гадоў; Праклінаю зладзея, які разлучыў нас I ў расстанні прымусіў журыцца сяброў.

ДАРОЖНЫ СЛУП

Ты невысокі, неважнецкі, Не князь, не цар пыхліва-строгі; Звычайны камень, нерухома Стаіш ля ўхабістай дарогі; I ўсё ж тваіх парад і знакаў Заўсёды слухаюцца ногі, Бо ты паказваеш, ці доўга Ісці нам, стомленым і ўбогім; I мы ніколі не забудзем Тваёй сяброўскай дапамогі.

НЕМАЎЛЯ Ў БІНЬЯНСКАЙ ТУРМЕ

Куга!.. Куга!.. Куга!.. Па татку, што ўцёк ад вайны, туга, Таму, хоць паўгода ўсяго толькі мне, З мамкай за татку сяджу я ў турме.

ПЛАТА ЗА СВЯТЛО

Папаўся ў турму, нібыта ў сіло — Плаці шэсць юаняў, каб відна было; У гэтым змрочным, цесным закутку Купляць даводзіцца нават святло.

ТУРЭМНАЕ ЖЫЦЦЁ

У кожнага печ, што займеў кагадзе, Каструлькі пры ёй стаяць дзе-нідзе; Зварыш рыс, зварыш суп, потым чай запарыш — Дыміцца, руплівіца, цэлы дзень.

ЧАЛАВЕК ГО

Выпадкова яго я ў дарозе сустрэў, Клапатлівы і шчыры — з ім бяда не бяда; Ён гаворкай сваёю мяне так сагрэў, Бы пры снезе і холадзе мне свой вугаль аддаў.

КАНВОЙЦА МО

Цудоўная душа ў канвойцы Мо, без маскі — Купляе ежу сам галодным для падпаскі, На ноч развязвае вяроўкі, кайданы здымае, Не прымяняе ўлады ён, кіруе толькі ласкай.