Читать «Турэмны дзённік» онлайн - страница 8

Хо Шы Мін

СЕЛІ НА ПОЕЗД У ЛАЙБІН

Пехатою дзесяткі сутак ішлі, А сягоння, урэшце, селі на поезд. Хоць ад вугалю чорныя ўсе мы былі, Нам здалося раскошай падарожжа такое.

ЁН СПРАБАВАЎ УЦЯКАЦЬ

Па волі ён суміўся ўсёю душой, З поезда скочыў, наўцёкі — куляй; Шкада, не прабег і паловы лі,— Канваіры дагналі, назад вярнулі.

ЛАЙБІН

Начальнік турмы днямі рэжацца ў карты, Грошы ў зняволеных вымагае начальнік варты, Начальнік павета — са «службоваю» хваткай,— У Лайбіне спакойна, усё, як заўсёды, ў парадку.

ПРЫБЫЎ У ЛЯОЧЖОУ

9 снежня

Нягоды хоць доўжацца, а канец ім відзён, Думаў, што скончацца ў Ляочжоу кашмары. Усміхнуўся: за мной ужо сотня пройдзеных дзён. Ды за ўсмешкаю не схаваеш смутку на твары.

ТРЫМАЮЦЬ ДОЎГА БЕЗ СУДА

Чым мацнейшае зелле, тым яно ўсё гарчэй, Цяжкі шлях — найцяжэйшы ў канцы самым будзе. Недалёка і суд, недалёка і сам мандарын, Дык чаму ж мяне водзяць усё ды не судзяць?

ПОЎНАЧ

Здаюцца сумленнымі ўсе, калі спяць, Злосны ці добры — як прачнуцца, можна пазнаць; Дабрыня і зласлівасць — не ад прыроды даюцца, У выхаванні карэнне іх трэба шукаць.

У РЭЗІДЭНЦЫІ МАНДАРЫНА

Ужо думаў — апошні цяжкі пераход, Ужо думаў — крок да свабоды адзін; Але нам напрыдумвалі новых нягод: Пераводзяць ізноўку пеша ў Гуйлін.

ПРАЙШЛО ЧАТЫРЫ МЕСЯЦЫ

«Дзень у турме — нібы тысяча вёсен на волі»,— Продкі казалі, і я гэту мудрасць пацвердзіць гатоў! Чатырох такіх месяцаў у няволі даволі, Каб яны падаліся даўгімі, быццам дзесяткі гадоў. Таму што: Чатыры месяцы надгаладзь еў,            Чатыры месяцы сну не меў,            Чатыры месяцы я не мыўся,            У леткай сарочцы па цэлях гібеў. Вось чаму: Хістаюцца зубы мае ад цынгі,            Валасы ссівелі зусім ад тугі.            Пахудзеў, пачарнеў, як галодны д'ябал,            Свярбіць усё цела і зводзіць духі. Ды на шчасце: Я ўсё стрываю, што б ні было.            Не згасне маёй Радзімы святло!            Няхай маё цела змарнее ў пакутах,            Я дух загартую шэльмам назло.

ЦЯЖКА ЗАХВАРЭЎ

Мне кажуць, што хварэю ад клімату чужога, Я ж знаю: па Радзіме сум раніць, нібы нож: Як у турме хварэць — няма страшней нічога, Павінен плакаць я, а я спяваю ўсё ж.

ПРЫВЯЛІ Ў ГУЙЛІН

У Гуйліне — наўздзіў, ні карыцы, ні лесу няма, Толькі горы высокія ля глыбокай вады, Ды пад хмарай баньяна панурая гэта турма — У ёй цёмна і ўдзень і ціха ўначы да жуды.

ПЛАТА ЗА ЎВАХОД У ТУРМУ

Кожны мусіць плаціць за ўваход у турму Пяць дзесяткаў юаней ахоўцу свайму! Калі ж грошай няма, няма чым адкупіцца,— Не дадуць ні на хвілю спакою яму.