Читать «Турэмны дзённік» онлайн - страница 6

Хо Шы Мін

ЯШЧЭ АДЗІН

Шу Цы і Бо I не елі рысу дынастыі Чжоу, Карцёжнік, не чанаючы кашы турэмнай, пажоўк; Шу і Бо памерлі ад голаду на гары Шауян, Гулец у турме сваю смерць таксама знайшоў.

КУРЫЦЬ ЗАБАРОНЕНА

Тут курыць забаронена дужа строга: Закурыш — табака папоўніць капшук вартавога; Ён люльку можа смактаць колькі ўлезе, Зацягнешся ты — і слухай наручнікаў скрогат.

НА ЗМЯРКАННІ

Вецер, як востры меч, скалы горныя граніць, сячэ, Холад, як вострае шыла, працінае лісцё да ствалоў; Звон далёкага храма падганяе вандроўцу хутчэй, Хлапчукі, на дудках іграючы, буйвалаў гоняць дамоў.

ПЛАТА

Зварыў сподак рысу — шэсць мао аддаў, А кіпеню таз за юань я прыдбаў; За юань купіш рэч, што каштуе шэсць мао. О цэны турмы! Вы ля горла, бы ўдаў.

БЯССОННІЦА

Гадзіна ночы. I дзве, і тры прабягуць, Я ж варочаюся і заснуць ніяк не магу; Чатыры, пяць... А як вочы звяду — ка мне Пяцікутная зорка з'яўляецца ў сне.

УСПАМІНАЮ ПРА СЯБРА

У той дзень ты праводзіў да рэчкі мяне, Абяцаў я вярнуцца, як жніва міне; Рыс сабраны, і поле ўзарана нанова, А я ўсё на чужыне марнею ў турме.

ПІШУ ЗАЯВЫ ЗА СЯБРОЎ ПА НЯШЧАСЦІ

Сябраваць трэба у лодцы адной веслярам, Пішу я заявы сваім новым сябрам; Словы ўстаўляю: «хадайніцтва», «згодна», I калі памагае — шчаслівею сам.

КАРОСТА

Усё цела чырвонае — як з кумачу, Чухаемся да пацямнення ўваччу. Шчыплем сябе, бы іграем на дане, Бы музыку хочам і праўда пачуць.

ЛУШЧЭННЕ РЫСУ

Калі лушчаць рыс, яму вельмі балюча, А пасля, як бавоўна, ён бялее ў жменях людзей; I ў жыцці чалавека непрыемнасцей куча, Ды няшчасце гартуе, да поспехаў часам вядзе.

11 ЛІСТАПАДА

I У гэты дзень раней ярчэлі далі — Канец вайны ў Еўропе святкавалі; Пяць кантынентаў зноў агнём і дымам Нацысты ўсатанелыя заслалі. ІІ Шэсць год вядзе Кітай супраціўленне,  У свеце выклікае захапленне; Хоць перамога блізка, як ніколі, Але яе здабудзе наступленне. III Сцягі антыяпонскія гурбой, О Азія, лунаюць над табой; Сцягі вялікія на бітву клічуць, Вядуць таксама і малыя ў бой.

ПАВЕТРАНАЯ ТРЫВОГА 12 лістапада 1942 г.

Самалётаў варожых у небе гуд. Усе ў бамбасховішча бегма бягуць; I нас канвойнікі з камер выводзяць. Радасць — пад бомбамі! — волю адчуць!

АДГАДКА СЛОЎ

Вязень, выйшаўшы з клеткі, зробіць нямала, Бяда пройдзе, і ўбачыць: ён з Радзімай па скон; Чалавек, паламаўшы бамбукавыя завалы, З цэлі вылеціць моцны, нібыта дракон.