Читать «Турэмны дзённік» онлайн - страница 5

Хо Шы Мін

ПАПЯРОВАЯ КОЎДРА ТАВАРЫША ПА НЯШЧАСЦІ

Склеены рупна старонкі і старых, і новых кніг, Ды пад імі гэтак жа холадна, як і без іх; Ці ведаюць тыя, хто спіць пад парчою ў дамах, Што вязні ад холаду не могуць заснуць і на міг?

ХАЛОДНАЯ НОЧ

Увосень халодная ноч. Халадэча наводзіць тугу. Сцяўся я ў камячок, а заснуць аніяк не магу. Поўня на лісці банана. Ад яе яшчэ халадней. Дзве Мядзведзіцы ў ранак па небе, бачу, бягуць.

ВЯРОЎКАЮ ЗВЯЗАНЫ

Я спавіты. Хіба не падобен на тых Афіцэраў пыхлівых заморскай шліфоўкі? Толькі іх аксельбанты — са шнуроў залатых, А мае са звычайнай, грубай вяроўкі.

ВЫПАЎ ЗУБ

Быў ты цвёрды, стойкі быў I хістацца не любіў; Слодыч, горкасць падзялялі... Як жа я цябе згубіў?!

ЖОНКА ДЭЗЕРЦІРА

Ты пайшоў. Не вярнуўся. З тугою ў душы Засталася адна я ў нязвыклай цішы; I ўлады паспагадалі маёй адзіноце — Запрасілі ў турме мяне, бачыш, пажыць.

ЖАРТ

Я ем, жыву дармова, бы ў раю, Ахоўваюць салдаты плоць маю; Хаджу па горных стромах, як па небе, На кручах, нібыта святы, стаю.

ВЯДУЦЬ У НАНЬНІН

Вяроўку мяккую змянілі ланцугамі — Нібы каштоўнасці, яны звіняць на мне; Я — вязень, дый са скутымі нагамі Іду паважна, бы ў саноўным сне.

КАНВОЙНЫЯ НЯСУЦЬ СВІННЮ

I Свінню нясуць канвойныя, зірні, Свінню нясуць, мяне ж вядуць за повад; Бач, чалавек, а дзешавей свінні, Калі пазбаўлен і правоў, і слова. II Тысячы ў жыцці існуе бед, Ды горш за ўсё, калі не маеш волі; Тады ўжо не належыш сам сабе — Ідзеш, як конь, на повадзе паволі.

ПАСЛІЗНУЎСЯ

Ноч была цёмная, як мяне павялі, А шлях пакручасты — не бачна зямлі, Паслізнуўся, зваліўся ў глыбокую яму. На шчасце, рукі сяброў паднялі.

СЕЛІ Ў ЛОДКУ

Плывём да Наньніна на лодцы, нябогі, Да вісельні-мачты прывязаны ногі. На беразе вёскі паўсюль весяляцца, На рацэ абмінаюць лодкі парогі.

ТУРМА Ў НАНЬНІНЕ

Вязніца сучасная, што й гаварыць — Усю ноч электрычнасць ярка гарыць; Ды і тут, як і ўсюды,— рэдкая каша, I галодны жывот бурчыць, як стары.

СУМ

Барвовіцца неба скрозь ад вайны, Ірвуцца на фронт Радзімы сыны; У турме ж чалавек час бясцэнны марнуе, Трымаюць і моцных тут кайданы.

СЛУХАЮ СПЕЎ ПЕЎНЯ

Ты ўсяго толькі самы звычайны певень, Але ранак жыве ў тваім шчырым спеве! Ты народ сваёй песняй ад сну абуджаеш, I ў гэтым заслуга твая ўжо, будзь пэвен!

ПАМЁР КАРЦЁЖНІК

Ён — скура ды косці. Шкілет, выбачай. Замучылі холад, голад, адчай. Гэтай ноччу ляжаў яшчэ побач са мною, А ўранку знайшоў свой апошні ручай.