Читать «Турэмны дзённік» онлайн - страница 3

Хо Шы Мін

ВУЧУСЯ ГУЛЯЦЬ У ШАХМАТЫ

I Ад нудоты ў шахматы вучуся гуляць, Пехацінцаў і коней рыхтую да бою; Трэба хутка ўмець наступаць, адступаць, Кемнасць ёсць — перамога, лічы, за табою. II Не варта на шахматнай дошцы фарсіць. Нападай і смялей і рашучай як можаш; Празяваеш — і два не памогуць фярзі, Зловіш момант — і з пешкай адной пераможаш. III У абодвух бакоў пароўну шанцаў і сіл, Але перамога, урэшце, аднаму дастаецца; Ні ў абароне, ні ў наступе промаху не дасі — I ты ўжо варты ўхвалы, што вадарам даецца.

ЛЮБУЮСЯ ПОЎНЯЮ

У турме ні віна, ні кветак няма. Чароўная ноч прападае дарма. Вязень праз краты любуецца поўняй I поўня любуецца вязнем сама.

РАЗМЕРКАВАННЕ ВАДЫ

На кожнага вязня вады паўмісы, А што з ёй рабіць табе — сам вызначай: Заварыш чай — і не хопіць памыцца, Твар спаласнеш — не заварыш чай.

СВЯТА СЯРЭДЗІНЫ ВОСЕНІ

I Поўня — нібыта люстэрка здаля, Пад ёю срабрыцца спакусна зямля. У дамах абжываецца шчодрае свята, А мы абжываем сум спакваля. ІІ I ў турме свой «святочны» настрой — Ад поўні, ад ветру вее журбой; Не магу любавацца поўняй на волі, Ды сэрца з-за кратаў спяшае за ёй.

ГУЛЬНЯ Ў КАРТЫ

Згуляеш на волі — укіне ў турму мандарын, А тут, не хаваючыся, адкрыта гуляй; Шкадуюць карцёжнікі — усе, як адзін: «Чаму нас раней не ўзялі ў гэты рай?!»

КАРЦЁЖНІКІ

Карцёжнікам есці ў турме не даюць — Раскайвайся і на волі больш не гуляй, Але багацеі і тут да ўжору ядуць, А бедным — і слёзы, і слінкі глытай.

НА СВЯТА 10 КАСТРЫЧНІКА ПЕРАСЫЛАЮЦЬ У ЦЯНЬБАО

Паўсюль ставяць кветкі і вешаюць ліхтары, Увесь Кітай у святочным убранні гарыць; А мяне, звязанага, ў іншы астрог выпраўляюць — Я з ветрам сустрэчным ваюю, як грыф.

У ДАРОЗЕ

Толькі ў дарозе пазнаеш дарогі цяжар. За горамі горы ўстаюць і ўстаюць з-за хмар; Пройдзеш за горамі горы, новых дасягнеш вяршынь I ўбачыш: на тысячы лі такі бязмежны абшар!

НА ЗМЯРКАННІ

Птушка вяртаецца ў лес — на сон сабе дрэва шукаць, Самотная хмарка плыве па небе паволі-паволі; У вёсцы дзяўчына меле маіс — у змроку бялее мука, А ў печы, мліва чакаючы, агонь вясёлы сваволіць.

НАЧУЮ У ЛУНЦЮАНЕ

Дзве нагі — як два кані, Што загнаны да ані; Ноччу — блохі. Ды на шчасце Ранне івалгай звініць.