Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 93

Эрих Мария Ремарк

Мы селі каля стойкі. Больвіз спытаў пра «Карла». Ён не мог забыцца, што Кёстэр перагнаў яго спартовую машыну. Яму хацелася купіць «Карла».

— Спытай у Ота, — сказаў Ленц. — Але мне здаецца, што хутчэй ён прадасць табе руку.

— Ну, ну, — сказаў Больвіз.

— Табе гэта незразумела, — заявіў Ленц, — бо ты — дзіця дзелавога дваццатага стагоддзя.

Фердынанд Граў засмяяўся. За ім — Фрэд. Нарэшце мы смяяліся ўсе. Калі каму не было смешна пры ўпамінанні дваццатага стагоддзя, то яму варта было застрэліцца. Але і смяяцца доўга нельга было. Больш дарэчы — галасіць.

— Ты ўмееш танцаваць, Готфрыд? — спытаў я.

— Вядома. Я ж працаваў настаўнікам танцаў. Ты забыўся?

— Забыўся… дай яму забыцца, — сказаў Фердынанд Граў. — Забыццё — тайна вечнай маладосці. Чалавек старэе толькі праз памяць. Занадта мала забываецца.

— Не, — сказаў Ленц. — Забываецца толькі непатрэбнае.

— Ты можаш навучыць мяне?

— Танцаваць? За адзін вечар, дзіця. І гэта ўся твая бяда?

— Няма ў мяне ніякай бяды, — сказаў я. — Галава баліць.

— Хвароба нашага часу, Робі, — сказаў Фердынанд. — Лепш за ўсё было б нараджацца без галавы.

Я зайшоў яшчэ ў кафе «Інтэрнацыяналь». Алоіс якраз хацеў зачыняць аканіцы.

— Ёсць яшчэ хто-небудзь? — спытаў я.

— Роза.

— Пайшлі, вып'ем утраіх па адной.

— Згода.

Роза сядзела каля стойкі і вязала з воўны панчошкі дачцэ.

Яна паказала ўзор і сказала, што жакецік ужо звязала.

— Як справы? — спытаў я.

— Дрэнна. У людзей няма грошай.

— Табе пазычыць? Вось… выйграў у покер.

— Дармавыя грошы — залог шчасця, — сказала Роза, плюнула на іх і забрала.

Алоіс прынёс тры чаркі. Потым яшчэ адну, Фрыцы, якая прыйшла неўзабаве.

— Канец, — сказаў ён. — Знямогся, як сабака.

Ён выключыў святло. Мы пайшлі. Роза развіталася каля дзвярэй. Фрыцы ўзяла Алоіса пад руку і пайшла побач з ім, лёгка і бадзёра. Ён шоргаў па бруку плоскімі падэшвамі. Я застаўся адзін, гледзячы ім услед. Я ўбачыў, як Фрыцы схілілася да бруднага крывога кельнера і пацалавала яго. Ён абыякава адпіхнуў яе.

І раптам — я не ведаю, як гэта атрымалася, — калі я павярнуўся і паглядзеў на пустую вуліцу, і на дамы з цёмнымі вокнамі, і на халоднае начное неба, мне ў сэрца ўдарыла такая шалёная туга па Пат, што я ледзь устаяў на нагах. Я больш нічога не разумеў — ні самога сябе, ні сваіх паводзін, ні ўсяго гэтага вечара, — нічога.

Я прыхіліўся да сцяны дома і ўтаропіўся перад сабой. Я не разумеў, навошта я ўсё гэта зрабіў. Я трапіў у нешта, што разрывала мяне на часткі, што рабіла мяне неразумным і несправядлівым, што кідала мяне туды-сюды і разбурыла мне ўсё тое, што з цяжкасцю парадкаваў. Я стаяў бездапаможна і не ведаў, што рабіць. Дадому мне не хацелася, там мне было б зусім дрэнна. Нарэшце я прыпомніў, што ў Альфонса павінна быць яшчэ адчынена. Я пайшоў туды. Я хацеў перабыць там да раніцы. Убачыўшы мяне, Альфонс нічога не сказаў. Ён толькі зірнуў і працягваў чытаць газету. Я сеў за столік і паглыбіўся ў дрымоту. Больш нікога не было. Я думаў пра Пат. Увесь час пра Пат. Я думаў пра тое, як я паводзіў сябе. Раптам мне прыпомнілася кожная дробязь. Усё было супроць мяне. Вінаваты быў я адзін. Я звар'яцеў. Я ўтаропіўся ў стол. Кроў біла мне ў скроні. Я адчайна злаваўся на самога сябе і не бачыў выйсця. Я, толькі я ўсё паламаў.