Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 81

Эрих Мария Ремарк

Ён дастаў з кішэні гадзіннік і паднёс яго да вачэй Ленца.

— Вось глядзі, папяровы рамантык! Пякельная машына, якая цікае і цікае, і, нібы рэха, у адказ ёй нястрымна цікае небыццё. Ты можаш стрымаць лавіну, горны абвал — гэтага не стрымаеш.

— І жадання такога ў мяне няма, — заявіў Ленц. — Я хачу мірна пастарэць. Акрамя таго, люблю разнастайнасць.

— Чалавек не трывае гэтага, — сказаў Граў, не звяртаючы ўвагі на яго. — Чалавек не можа гэтага вытрываць. Вось чаму ён змайстраваў сабе мару. Старую, хвалюючую, безнадзейную людскую мару пра вечнасць.

Готфрыд засмяяўся.

— Самая горшая хвароба свету, Фердынанд, — здольнасць думаць. Яна невылечная.

— Калі б гэтая хвароба была адзіная, ты аказаўся б бессмяротным, — адказаў Граў. — Ты — часовае злучэнне вугляводаў, вапны, фосфару і жалеза, якое на зямлі называецца Готфрыдам Ленцам.

Готфрыд задаволена пасміхаўся. Фердынанд страсянуў ільвінай галавой.

— Браты, жыццё — хвароба, а смерць пачынаецца з нараджэння. Кожны ўдых, і кожны выдых, і кожны ўдар сэрца — гэта часцінкі смерці… маленькі зрух да скону.

— І кожны глыток, — дадаў Ленц. — За тваё здароўе, Фердынанд! Бывае, паміраць надзвычай лёгка.

Граў падняў шклянку. Па твары яго, як бязгучная навальніца, праплыла ўсмешка.

— На здароўе, Готфрыд, — жывая блыха ў сыпучым пяску часу. Цікава, што думала чароўная сіла, якая ўладарыць над намі, ствараючы цябе?

— Гэта яе справа. Між іншым, менавіта табе не варта было б так незычліва гаварыць пра такія рэчы, Фердынанд. Калі б людзі жылі вечна, ты аказаўся б беспрацоўным, добры стары нахлебнік смерці.

Плечы Граў затрэсліся — ён рагатаў. Потым ён звярнуўся да Пат:

— А што вы скажаце пра нас, балбатуноў, вы — маленькая кветачка на бурлівай вадзе?

Потым мы з Пат ішлі па сцяжынцы саду. Месяц узняўся вышэй, лугі плавалі ў шэрым срэбным тумане. Цені ад дрэваў доўгімі чорнымі ўказальнікамі кіравалі ў невядомае. Мы спусціліся да возера, потым павярнулі назад. Па дарозе ўбачылі Готфрыда Ленца. Са складным крэслам ён залез у кусты бэзу. Цяпер ён сядзеў там, і толькі белая галава ды агеньчык цыгарэты свяціліся з кустоў. На зямлі перад ім стаяла шклянка і бутэлька з рэштай віна.

— Вось дык месца! — сказала Пат. — Між бэзавай квецені!

— Можна трываць. — Готфрыд устаў. — Паспрабуйце.

Пат села на крэсла. Яе твар быў ледзь бачны між гронак бэзу.

— Я без памяці люблю бэз, — сказаў апошні рамантык. — Настальгія ў мяне — пах бэзу. Вясной 1924 года я на злом галавы выехаў з Рыа-дэ-Жанейра толькі таму, што мне прыйшло ў галаву: тут расцвіў бэз. Але калі прыехаў, то ўжо было позна. — Ён засмяяўся. — І заўжды так.

— Рыа-дэ-Жанейра, — Пат падцягнула да сябе галінку з гронкай. — Вы былі там разам?

Готфрыд запнуўся. У мяне па спіне пацёк халодны пот.

— Паглядзіце, які месяц! — хутка сказаў я ў той самы момант, заклінаючы, ступіў Ленцу на нагу. Успыхнуў аганёк цыгарэты, і я ўбачыў, як Готфрыд непрыкметна ўсміхаўся і падміргваў мне. Я быў выратаваны.

— Не, мы былі там не разам, — заявіў Готфрыд. — У той час я быў адзін. Але… як наконт апошняга глытка гэтага ляснога пітва?