Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 80

Эрих Мария Ремарк

— Дожджык патрэбны! А потым невялічкая аварыя на слізкім асфальце перад самым домам! Без ахвяр. Толькі каб быў рамонт!

— Гляньце! — я растуліў далоню і паказаў трыццаць пяць марак.

— Шыкоўна! — сказаў Кёстэр. — Дваццаць марак прыбытку. Сёння мы ім знойдзем месца! Трэба ж замачыць першы выезд!

— Сёння п'ем лёгкае віно, — заявіў Ленц.

— Віно? — здзівіўся я. — З якой нагоды?

— З намі будзе Пат.

— Пат?

— Не разявай так шырока рот, — сказаў апошні рамантык. — Мы даўно пра ўсё дамовіліся. У сем мы заедзем па яе. Яна ўжо ведае. Калі сам не думаеш, трэба нам паклапаціцца. Урэшце, ты пазнаёміўся з ёю праз нас.

— Ота, — сказаў я, — ты бачыў большага нахабніка, чым гэты навабранец?

Кёстэр засмяяўся.

— Што ў цябе з рукой, Робі? Ты яе трымаеш неяк бокам.

— Відаць, вывіхнуў.

Я расказаў пра Густава.

Ленц паглядзеў руку.

— Вядома! Як хрысціянін і адстаўны студэнт медыцыны я папраўлю яе, хоць ты і хам. Пайшлі, чэмпіён-баксёр.

Мы пайшлі ў майстэрню, і Готфрыд, змазаўшы руку вазелінам, узяўся за яе.

— Ты сказаў Пат, што мы будзем адзначаць наш таксісцкі аднадзённы юбілей? — спытаў я.

Ён свіснуў праз зубы.

— Ты саромеешся гэтага, хлапец?

— Заткніся, — адказаў я, бо ён адгадаў. — Ты сказаў?

— Каханне, — растлумачыў Готфрыд спакойна, — пачуццё цудоўнае. Але яно псуе характар.

— Затое адзінота робіць нетактоўным, ты — змрочны саліст.

— Такт — гэта маўклівая згода не заўважаць сумесных памылак, замест таго каб выяўляць іх. Гэта вартыя жалю кампрамісы. На гэта нямецкі ветэран не пойдзе, дзіця.

— Што б ты зрабіў на маім месцы, — сказаў я, — калі б нехта выклікаў таксі і ты ўбачыў, што гэта Пат?

Ён усміхнуўся.

— Я нізашто не ўзяў бы з яе платы, сын мой.

Я даў яму таўхаля, так што ён зваліўся з трыножніка.

— Ах ты, кузурка! Ведаеш, што я зраблю! Сёння я проста паеду па яе на таксі.

— Правільна! — Готфрыд падняў руку, бласлаўляючы. — Толькі не траціць волі! Яна даражэйшая за каханне. Але гэта пачынаеш разумець толькі потым. А на таксі ты ўсё роўна не паедзеш. На ім мы прывязём Фердынанда Граў і Валянціна. Гэта будзе салідны вялікі вечар!

Мы сядзелі ў садку невялічкай прыгараднай карчмы. Падобны да чырвонай паходні вільготны месяц плыў над лесам. Мігцелі цьмяныя кандалябры цвітучых каштанаў, пах бэзу хмяліў, а вялікая шкляная чаша з пахучым «вальдмайстрам» перад намі на стале ў вечаровым змярканні была падобная да светлага апалу, у які акамулявалася блакітна-перламутравае святло вечара. Чаша напоўнілася ўжо чацвёрты раз. Тамадой быў Фердынанд Граў. Пат сядзела каля яго. На грудзях у яе была прышпілена бледна-ружовая архідэя — падарунак Фердынанда.

Фердынанд вывудзіў з віна камара і асцярожна паклаў на край стала.

— Паглядзіце, — сказаў ён. — Якія крылы! У параўнанні з імі любая парча — ануча! І такі цуд жыве толькі адзін дзень — і ўсё! — Ён глянуў на кожнага з нас. — Ці ведаеце, браткі, што самае жудаснае на свеце?

— Пустая чарка, — адказаў Ленц.

Фердынанд адмахнуўся ад яго.

— Самае ганебнае, Готфрыд, мужчыне — быць блазнам.

Потым ён зноў звярнуўся да нас.

— Самае жудаснае, браткі, — гэта час. Час. Імгненне, у якое мы жывём і якім, аднак, ніколі не валодаем.