Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 170

Эрих Мария Ремарк

Калі я прачнуўся, за акном усё было бялюткае. Снег падаў буйнымі шматамі. Купэ патанула ў нерэальным паўзмроку. Мы ўжо ехалі паміж гор. Было каля дзевяці гадзін. Я пацягнуўся і пайшоў мыцца і галіцца. Вярнуўшыся, я ўбачыў у купэ Пат. Выгляд у яе быў свежы.

— Добра паспала? — спытаў я.

Яна кіўнула галавой.

— А кім аказалася старая спірытыстка — суседка па купэ?

— Яна маладая і прыгожая. Яе завуць Хэльга Гутман. Яна едзе, як і я, у санаторый.

— Сапраўды?

— Праўда, Робі. Але ты не выспаўся, па табе бачна. Табе трэба добра паснедаць.

— Кавы, — сказаў я. — Кавы з вішнёвай настойкай.

Мы пайшлі ў вагон-рэстаран. Раптам настрой мой падняўся. Усё ідзе не так дрэнна, як здавалася ўчора.

Хэльга Гутман ужо сядзела за столікам. Гэта была статная вясёлая дзяўчына паўднёвага тыпу.

— Дзіўна, — сказаў я, — што так супала — вы едзеце ў адзін санаторый.

— Нічога асаблівага, — адказала яна.

Я глянуў на яе. Яна засмяялася.

— У гэты час пералётныя птушкі зноў збіраюцца ў гурт… Там… — яна паказала на куток рэстарана, — там увесь столік едзе туды.

— Адкуль вы ведаеце? — спытаў я.

— Я іх ведаю з мінулага года. Там усе знаюць адзін аднаго.

Афіцыянт прынёс каву.

— Прынясіце мне яшчэ да кавы двайную порцыю вішнёвай настойкі, — сказаў я.

Мне трэба было крыху выпіць. Раптам усё стала так проста. Вунь сядзяць людзі і едуць у санаторый нават другі раз, і здавалася, што гэтая паездка для іх — проста прагулка. Глупства — так баяцца. Пат вернецца, як вярталіся дадому ўсе гэтыя людзі. Я не падумаў, што ўсе гэтыя людзі ехалі туды зноў. Дастаткова было ведаць, што адтуль можна вярнуцца і жыць яшчэ цэлы год. Наша мінулае навучыла нас не забягаць у думках далёка наперад.

Мы прыехалі пад вечар. Неба раз'яснілася, сонца пасылала залацістыя промні на заснежаныя палі, а неба было такое блакітнае, якога не было ўжо некалькі тыдняў. На вакзале было шмат сустракаючых. Яны віталі тых, хто прыехаў, махалі ім хусцінкамі, а з цягніка ім адказвалі пасажыры. Хэльгу сустрэла вясёлая жанчына-бландзінка і два мужчыны ў светлых штанах-гольф. Яна ўсхвалявана замітусілася, быццам пасля працяглай разлукі вярнулася дамоў.

— Да пабачэння, — потым, наверсе! — крыкнула яна нам і села са сваімі сябрамі ў вазок.

Людзі хутка разышліся, і праз некалькі хвілін мы засталіся на пероне адны. Да нас падышоў насільшчык.

— У які гатэль? — спытаў ён.

— У санаторый «Лясны спакой», — адказаў я.

Ён кіўнуў і даў знак фурману. Яны пагрузілі чамаданы ў блакітны вазок, запрэжаны двума канямі. На іх галовах былі султаны са стракатых пёраў, і пара з іх храпаў ахутвала пысы перламутравым воблакам. Мы селі.