Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 123
Эрих Мария Ремарк
— Ты замарыўся? — спытала яна недаверліва.
— Так, крыху. У цягніку было горача. А потым мне трэба заскочыць у майстэрню.
Яна больш нічога не пыталася. Была такая змораная, што амаль валілася з ног. Я палажыў яе ў пасцель і накрыў. Яна адразу заснула.
Я паставіў побач з ложкам ружы Кёстэра, а таксама паклаў яго картку, каб ёй, прачнуўшыся, было пра што думаць. Потым выйшаў.
Па дарозе я спыніўся каля тэлефона-аўтамата. Вырашыў адразу патэлефанаваць Жафэ. З дому тэлефанаваць не выпадала. Увесь дом пачуў бы.
Я зняў слухаўку і набраў нумар клінікі. Праз хвіліну Жафэ падышоў да тэлефона.
— Гэта Локамп, — сказаў я і кашлянуў. — Мы сёння вярнуліся, з гадзіну таму назад.
— Вы ехалі на машыне?
— Не, чыгункай.
— Зразумела. Як справы?
— Добра, — адказаў я.
Ён хвілінку падумаў.
— Я заўтра пагляджу фройляйн Хольман. Заўтра ў адзінаццаць раніцы. Вы скажаце ёй?
— Не, — сказаў я. — Не хачу, каб яна ведала, што я тэлефанаваў вам. Яна, напэўна, патэлефануе вам сама. Тады вы можаце ёй сказаць.
— Добра. Так і зробім. Я скажу ёй.
Я механічна адсунуў тоўсты зашмальцаваны тэлефонны даведнік. Ён ляжаў на маленькай палічцы. Над ёй былі алоўкам накрэмзаны нумары тэлефонаў.
— Можна мне заўтра пад вечар забегчы да вас? — спытаў я.
Жафэ не адказаў.
— Мне хочацца ведаць, як яе справы, — сказаў я.
— Заўтра я вам яшчэ не скажу, — адказаў Жафэ. — Мне трэба паназіраць хоць з тыдзень. А потым я вам паведамлю.
— Дзякую.
Я ўсё яшчэ разглядаў палічку. Нехта штосьці намаляваў на ёй. Я разгледзеў тоўстую дзяўчыну ў саламяным капелюшы. «Эла, козачка мая!» — было напісана пад малюнкам.
— Ёй патрэбны цяпер нейкія асаблівыя працэдуры? — спытаў я.
— Заўтра будзе відаць. Але мне здаецца, што дома ў яе добры догляд.
— Не ведаю. Я чуў, што яе суседзі некуды едуць на тым тыдні. Тады яна застанецца адна, толькі са служанкай.
— Праўда? Добра, тады я зайду заўтра і пагавару з ёй і пра гэта.
Я зноў закрыў даведнікам малюнак на палічцы.
— Вы думаеце, што яна… што такі прыступ можа паўтарыцца?
Жафэ секунду няўпэўнена памаўчаў.
— Вядома, гэта магчыма, — адказаў ён потым. — Але гэта неабавязкова. Я змагу адказаць вам толькі тады, калі добра абследую яе. Я вам патэлефаную.
— Добра, дзякую.
Я павесіў слухаўку. Потым хвілінку яшчэ пастаяў на вуліцы. У паветры віселі пыл і спякота. Я пайшоў дадому.
Каля дзвярэй я сутыкнуўся з фраў Залеўскі. Яна куляй вылецела з пакоя фраў Бэндэр. Убачыўшы мяне, яна затармазіла.
— Вы ўжо вярнуліся?
— Як бачыце. Што-небудзь здарылася за гэты час?
— У вас нічога. І пісем не было. А фраў Бэндэр выехала.
— Няўжо? А чаму?
Фраў Залеўскі стала рукі ў бокі.
— Таму што ўсюды нягоднікі. Яна пераехала ў хрысціянскі прытулак. Са сваёй кошкай і цэлым капіталам — дваццаццю шасцю маркамі.
Яна расказала, што дом дзіцяці, у якім фраў Бэндэр працавала сястрой, збанкрутаваў. Кіраўнік, святар, няўдала спекуляваў на біржы. Фраў Бэндэр звольнілі, ды яшчэ не разлічыліся за два месяцы.
— Яна знайшла сабе месца? — спытаў я, паглыблены ў свае думкі.
Фраў Залеўскі толькі зірнула на мяне.