Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 122

Эрих Мария Ремарк

— Вунь фройляйн Мюлер, — сказала Пат.

— Сапраўды.

Яна стаяла каля парога і махала нам. Пат дастала сваю хусцінку, і яна залунала з акна.

— Яна не бачыць, — сказаў я. — Хусцінка замалая і затонкая. Вось, вазьмі маю.

Яна ўзяла і замахала. Фронляйн старанна махала ў адказ.

Цягнік паступова выйшаў на прастору. Домік знік, дзюны засталіся за гарызонтам. За чорнай рыскай лесу нейкі час яшчэ паблісквала мора. Яно міргала, як пільнае, заморанае вока. Потым з'явілася пяшчотная залацістая зеляніна садоў, і да самага гарызонту пад лёгкім ветрыкам захваляваліся каласы.

Пат аддала мне хусцінку і села ў куток.

Я закрыў акно.

«Скончылася! — падумаў я. — Дзякаваць богу, скончылася! Гэта быў толькі сон! Закляты, злы сон!»

Каля шасці мы прыбылі ў горад. Я ўзяў таксі і пагрузіў чамаданы. Мы паехалі да Пат.

— Ты падымешся са мной наверх? — спытала яна.

— Вядома.

Я завёў яе наверх, потым зноў спусціўся ўніз, каб разам з шафёрам занесці чамадан. Калі я вярнуўся, Пат стаяла яшчэ ў прыхожай. Яна размаўляла з падпалкоўнікам фон Хакэ і яго жонкай.

Мы пайшлі ў яе пакой. Быў светлы надвячорак. На стале стаяла ваза з чырвонымі ружамі. Пат падышла да акна і выглянула. Потым павярнулася.

— Колькі часу нас не было, Робі?

— Роўна васемнаццаць дзён.

— Васемнаццаць дзён. А мне здаецца, што шмат больш.

— І мне. Але так бывае заўжды, калі некуды едзеш.

Яна пахітала галавой.

— Не, я не пра гэта…

Яна адчыніла дзверы на балкон і выйшла. Там стаяў, прыхілены да сцяны, белы шэзлонг. Яна падцягнула яго да сябе і моўчкі паглядзела на яго.

Калі яна зноў вярнулася ў пакой, твар у яе змяніўся, вочы пацямнелі.

— Паглядзі на ружы, — сказаў я. — Кёстэр прыслаў. Вось і яго візітная картка.

Яна ўзяла картку, потым зноў паклала яе на стол. Яна зірнула на ружы, але я бачыў, што не заўважыла іх. У думках яна заставалася каля шэзлонга. Яна ўжо думала, што пазбавілася яго, а цяпер ён, магчыма, зноў стане часткай яе жыцця.

Я пакінуў яе з думкамі і не сказаў больш нічога. Спроба адцягнуць яе ўвагу не мела сэнсу. Ёй патрэбна было справіцца самой, і лепш было б, каб гэта адбылося цяпер, пакуль я тут. Нейкімі словамі часова можна было дапамагчы, але калісьці ўсё роўна гэта вернецца, і тады, магчыма, ёй будзе яшчэ цяжэй.

Яна хвілінку пастаяла каля стала, абапершыся на яго і апусціўшы галаву. Потым ускінула вочы і глянула на мяне. Я нічога не сказаў. Яна паволі абышла вакол стала і паклала мне рукі на плечы.

— Мой сябра, — сказаў я.

Яна прытулілася да мяне. Я абняў яе.

— А цяпер — за справу.

Яна згодна кіўнула. Потым рукой адкінула валасы назад.

— Проста нешта найшло… на хвілінку, Робі.

— Вядома.

Нехта пастукаў у дзверы. Служанка ўкаціла чайны столік.

— Гэта добра, — сказала Пат.

— Ты хочаш гарбаты? — спытаў я.

— Не, кавы, добрай, моцнай кавы.

Я прабыў з ёй яшчэ паўгадзіны. Яна замарылася. Я гэта бачыў па яе вачах.

— Табе трэба паспаць, — параіў я ёй.

— А ты?

— Я пайду дадому і таксама крыху пасплю. Потым, гадзіны праз дзве, я прыйду, і мы пойдзем есці.