Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 120

Эрих Мария Ремарк

— Божа мой, Пат, — сказаў я. — Магчыма, па гэтай прычыне ты мне ніколі не гаварыла нічога дакладнага?

Яна не адказала, але я ўбачыў, што так і было.

— Чорт вазьмі! — сказаў я. — Кім жа ты мяне лічыш?

Я нахіліўся над ёй.

— Паляжы хвілінку моўчкі, не варушыся.

Я пацалаваў яе. Вусны былі сухія і гарачыя. Калі я выпрастаўся, я ўбачыў, што яна плача. Яна плакала бязгучна, з шырока адкрытымі вачыма. Яе твар быў нерухомы. Толькі слёзы каціліся з вачэй.

— Пабойся бога, Пат…

— Я такая шчаслівая, — сказала яна.

Я стаяў побач і глядзеў на яе. Было сказана адзінае слова, але гэта было слова, якое для мяне так ніколі не гучала. Я ведаў жанчын, але звычайна гэта былі беглыя сустрэчы, прыгоды, часам — вясёлая гадзіна ці самотны вечар, уцёкі ад самога сябе, ад адчаю, ад пустэчы. Я і не жадаў нічога іншага, бо я быў навучаны, што ні на што іншае нельга разлічваць, як толькі на самога сябе і сама болей — на таварыша. Цяпер я раптам убачыў, што і я магу нешта значыць для чалавека, проста сваім існаваннем, і што ён шчаслівы ад таго, што я побач з ім. Калі так проста вымавіць, то гучыць зусім звычайна, але калі задумацца — робіцца бясконца жудасна. Гэта нешта такое, што можа канчаткова разбіць чалавека і змяніць яго. Гэта — каханне, і ўсё ж — нешта іншае. Нешта, дзеля чаго можна жыць. Дзеля кахання мужчына не можа жыць. Дзеля чалавека — можа.

Я хацеў нешта сказаць, але не змог. Цяжка знайсці словы, калі сапраўды ёсць патрэба штосьці сказаць. І нават знайшоўшы адпаведныя словы, саромеешся вымавіць іх. Усе гэтыя словы — з мінулых стагоддзяў. Наш час яшчэ не мае слоў для сваіх пачуццяў. Ён можа быць толькі нахабным, усё астатняе — несапраўднае.

— Пат, — сказаў я, — мой добры адважны сябра…

У гэты момант увайшоў Жафэ. Ён адразу ж зразумеў сітуацыю.

— Казачны вынік, — прабурчэў ён. — Я так і думаў…

Я хацеў яму нешта запярэчыць, але ён проста выштурхнуў мяне.

XVII

Гэта было праз два тыдні. Пат паправілася настолькі, што мы маглі паехаць адтуль. Мы ўпакавалі рэчы і чакалі Готфрыда Ленца. Ён павінен быў забраць машыну. Мы з Пат вырашылі ехаць на цягніку.

Быў цёплы хмурны дзень. Воблакі, нібы вата, стаялі нерухома ў небе, гарачае паветра дрыготка пералівалася над дзюнамі, алавянае мора разлеглася ў светла-іскрыстай смузе.

Готфрыд з'явіўся пасля полудня. Я ўжо здалёку заўважыў яго бялявую галаву, якая замільгала над агароджамі. Толькі калі ён звярнуў на дарогу да вілы фраў Мюлер, я ўгледзеў, што ён быў не адзін… побач з ім крочыла нешта падобнае на аўтагоншчыка ў мініяцюры: вялізная кепка ў клетку, казырком назад, вялізныя засцерагальныя акуляры, белы камбінезон і два вялізныя вухі, чырвоныя, як бурак.

— Божа, гэта ж Юп! — здзіўлена сказаў я.

— Уласнай персонай, пан Локамп, — з усмешкай пацвердзіў Юп.

— А касцюм! Што здарылася?

— Ты ж бачыш, — з задавальненнем заўважыў Ленц, паціскаючы мне руку. — Ён рыхтуецца стаць аўтагоншчыкам. Ужо восем дзён я займаюся з ім. Ён мяне ўпрасіў узяць сёння з сабой. Удалая магчымасць зрабіць першую самастойную дальнюю паездку.