Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 103

Эрих Мария Ремарк

Мы пад'ехалі да дома булачніка і зноў вярнуліся ў памяшканне. Булачнік выйшаў з пакоя, каб прынесці грошы. Гэта быў зусім стары чалавек, цяпер я заўважыў, што валасы ў яго фарбаваныя.

Чарнявая абцягнула сукенку.

— Выдатна правярнулі справу, праўда?

— Так, — сказаў я нехаця.

— Сто марак павінна перапасці мне…

— Вось як… — сказаў я.

— Стары скнара, — даверліва зашаптала яна, падыходзячы бліжэй, — у яго грошай як вошай. Але паспрабуй вырваць! Нават завяшчання не хоча пісаць. Потым усё захапаюць дзеткі, а ты рабі што хочаш. Не вялікае шчасце гэты кілун.

Яна падышла бліжэй, пагойдваючы грудзьмі.

— Дамовіліся: я заўтра прыйду па сто марак? Калі вы бываеце на месцы? Ці вы заскочыце сюды? — Яна хіхікнула. — Заўтра паполудні я тут адна…

— Я перашлю вам грошы… — сказаў я.

Яна зноў захіхікала.

— Прынясіце лепш самі. Ці вы баіцеся?

Відаць, я здаваўся ёй баязліўцам, і яна хацела падбадзёрыць мяне.

— Чаго баяцца, — сказаў я. — Але часу няма. Якраз заўтра іду да доктара. Застарэлы сіфіліс, каб вы ведалі! Тут не разгуляешся…

Яна так паспешліва адступіла, што ледзь не ўпала, спатыкнуўшыся аб крэсла. У гэты момант вярнуўся булачнік. Ён кінуў падазроны позірк на чарнявую. Потым падышоў да стала і адлічыў мне грошы. Ён лічыў іх павольна, нібы вагаючыся. Яго цень хістаўся на ружовых шпалерах, паўтараючы яго рухі. Калі я пісаў распіску, то падумаў, што сёння падобная сцэна ўжо была, толькі на маім месцы быў Фердынанд Граў. Хоць у гэтым не было нічога асаблівага, мне такое здалося дзіўным.

Я ўзрадаваўся, аказаўшыся на вуліцы. Паветра было па-летняму мяккае. «Кадзілак» пабліскваў каля тратуара.

— Ну, стары, вялікі дзякуй табе, — сказаў я і пагладзіў яго. — Рыхтуйся да новых подзвігаў!

XV

Над лугамі стаяў светлы іскрысты ранак. Мы з Пат сядзелі на лясной паляне і снедалі. Я ўзяў два тыдні адпачынку. Мы вандравалі да мора. На дарозе стаяў невялічкі стары «сітраэн». Мы ўзялі яго ў кошт платы за стары «форд» булачніка, і Кёстэр даў мне яго на час водпуску. Ён напамінаў старога ішака — так быў абвешаны чамаданамі.

— Будзем спадзявацца, што за дарогу ён не зваліцца з ног, — сказаў я.

— Вытрымае, — адказала Пат.

— Адкуль ты ведаеш?

— Інакш не можа быць, бо гэта ж наш водпуск, Робі.

— Магчыма, — сказаў я. — Але, акрамя ўсяго, я ведаю, якая ў яго задняя вось. Яна не вельмі надзейная. Асабліва пад нагрузкай.

— Гэты аўтамабіль — брат «Карла». Ён не падвядзе.

— Жахліва рахітычны брат.

— Кінь ганьбіць, Робі. На сёння лепшай машыны я не ведаю.

Мы яшчэ крыху паляжалі на лузе. Ад лесу дзьмуў цёплы, мяккі вецер. Пахла смалой і травамі.

— Скажы мне, Робі, — спытала Пат неўзабаве, — што гэта за кветкі там, каля ручая.

— Анемоны, — адказаў я, не гледзячы.

— Ну што ты, дарагі! Гэта не анемоны. Анемоны маленькія, акрамя таго, яны цвітуць толькі вясной.

— Правільна, — сказаў я. — Гэта буйміна лугавая.

Яна пахітала галавой.

— Буйміну я ведаю. Яна выглядае зусім інакш.

— Тады гэта цыкута.