Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 34
Усевалад Нястайка
Зайшоў я з кармы — пачаў пхаць. Куды там! Ногі па мулкім дне коўзаюцца. Я раз-пораз з галавой у ваду — і толькі.
Біўся-біўся, стараўся-стараўся, вады ўжо паўвядра накаўтаўся, а толку няма. І такое мяне зло ўзяло — сеў я проста ў ваду і ледзь не заплакаў. Ты ж мяне ведаеш, я ніколі не плачу, а тут слёзы самі коцяцца.
Вось у нерат ускочыў. Ну!
Тады плюнуў, падхапіўся і зноў — пхаю і цягну.
Сонца ўжо даўно ўзышло, свеціць на поўную катушку, а я, нібы той жук, у брудзе боўтаюся. Зусім з сілы выбіўся.
Гэта ж колькі ўжо часу прайшло, думаю. Урокі ўжо, можа, хутка. Ну, ды пра кантрольную я не думаю. Што мне кантрольная! Галоўнае — дзяржаўная справа... Я тут, у багне, як чарвяк, а той шпіёнішча, можа, ужо... А я ж мог яго высачыць. Мог жа! Не даруе мне айчына. І, скрыпнуўшы зубамі, я зноў бяруся за справу. Я і выліваць ваду з чоўна спрабаваў, думаеш, не! Ды дзе яе выльеш, калі яна зноў адразу ж набіраецца. Гэта тое ж самае, што раку вычарпаць.
А сонца ўжо высока-высока ўгары. Гэта ж ты, думаю, ужо ўстаў, чаравікі паваксаваў, новую сарочку апрануў, гальштук завязаў.
Лупатае жабяня паблізу на лотаць села і крумкае — бы смяецца. Тут Сабакевіч на яго як гаўкне, яно толькі — шубоўсь у ваду. Сабакевіч мяне ўвесь час маральна падтрымліваў — гаўкаў, хвастом махаў. Мабыць, адчуваў, што праз яго я так мучаюся.
І раптам мне ў галаву ідэя стрэльнула. І чаго, скажы ты, гэтыя ідэі адразу ў галаву не страляюць!
Такая просценькая ідэя — заткнуць дзюрку, а потым ужо выбіраць ваду. Я ж, дурань, выбіраў не заткнуўшы.
Нарваў я жменю травы нейкай — якая толькі і расла на востраве, — намацаў дзюрку, заткнуў. Зноў пачаў выбіраць. О! Пайшла справа! Хоць не хутка, але пайшла. Сантыметр за сантыметрам барты чоўна з-пад вады вырастаюць. Ужо і на бераг цягнуць можна. Крэкчучы, пацягнуў. Пацягнулася. Ёсць! Цяпер трэба човен нахіліць — ваду выліць, бо ўжо не выбіраецца. Ох і важка было. Нарэшце ваду выліў, дзюрку добра заткнуў. Сабакевіча ў човен, сам за вясло і ходу. Ох ужо і гроб — пырскі аж да неба ляцелі. Толькі ўвесь час на дзюрку паглядваў — ці не цячэ.
Сонца ўжо высока, а ўсё ж спадзяюся: можа, падманвае сонца, можа, не пачаліся яшчэ ўрокі? Па вёсцы бег, ажно сэрца выскоквала. Не падманула сонца...
Ява ўздыхнуў і замоўк.
Я пазіраў на яго з усім спачуваннем, на якое толькі быў здольны.
Вось якая неспадзяванка з ім атрымалася, што перавярнула ўсё яго жыццё дагары нагамі. І не раскажаш нікому, не паясніш! Бо нашы «шпіёнскія» справы патрабуюць абсалютнай канспірацыі. Калі міліцыянер таварыш Палянічка не паверыў нам, дык хто ж паверыць! У нас быў адзін выхад — знайсці найперш доказы, факты, злавіць за руку. І Ява, бедалага, змушаны быў усім, і ў школе, і дома, сказаць адно — што пайшоў замест урокаў лавіць рыбу. І панёс за гэта кару.