Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 25

Усевалад Нястайка

Каля мяне валяюцца чарапкі ад гладыша.

Ясна, адступаючы, я незнарок, выпадкова скінуў з прыпечка глечык. Вось табе й «ба-бах!»

— Ява! — гукаю я. — Адбой?

Ява ўмомант расплюшчвае вочы і падхопліваецца.

— Глядзі, тэрмас!

Але ўжо позна — амаль што палавіна вылілася. Дрыготкімі рукамі Ява закручвае вечка тэрмаса і ставіць яго на стол. А потым...

Вы бачылі калі-небудзь у кіно паскораную здымку, калі людзі рухаюцца з шалёнай, невераемнай хуткасцю?

Дык вось, калі б нас з Явам хтосьці захацеў зняць у кіно з такой мэтай, дык ніякая б паскораная здымка не спатрэбілася б.

Мы, як мурашкі, мітусіліся на карачках па падлозе, ліхаманкава збіраючы чарапкі і выціраючы лужыны сваімі штанамі і сарочкамі. Пры гэтым мы раз-пораз стукаліся лбамі і іншымі, меней паважанымі часткамі цела...Праз хвіліну ўсё было чыста-чысцюсенька. І, куляй вылецеўшы з хаты Фарадзеевіча (на гэты раз праз дзверы), мы штосілы паджгалі па вуліцы.

РАЗДЗЕЛ VI. Выяўляецца, гэта глабулус! Касмічныя мары Фарадзеевіча. «Жыццё — заблытаная і складаная рэч!»

— «Атамная бомба»! «На транзістарах»! Барахольшчык! — пхыкаю я.

— Маўчы! «Давай злезем»! «Ногі размяць»! Герой! — пхыкае Ява.

Нам дрэнна. На душы, як кажуць, каты шкрабаюць. Гэта ж трэба так даць маху з гэтай «бомбай». Ды яшчэ й разліць тое з тэрмаса. Думка пра шкоду не давала нам спакою.

Фарадзеевіч прыехаў надвячоркам, і ў той дзень мы так нічога і не даведаліся. Не, усё ж такі даведаліся. Што Фарадзеевіч дзякаваў Кныша за вялікую «паслугу». Выяўляецца, «спецзаданне» даваў ён і Кныш па яго просьбе прывёз з аэрадрома таямнічы сіні тэрмас.

На наступны дзень з самай раніцы мы пабеглі да хаты Фарадзеевіча. Там ужо было шмат юннатаў-старшакласнікаў, з якімі Фарадзеевіч сябраваў.

Мы прыбеглі ўчасна — Фарадзеевіч якраз выйшаў на ганак з сінім тэрмасам у руках. Яго адразу абступілі юннаты.

— Антон Фадзеевіч, ну, скажыце! Антон Фадзеевіч, ну, калі ласка! Антон Фадзеевіч, ну, хоць намякніце! — вымольвалі нецярплівыя дзяўчаты.

— Пацярпіце, таварышы-грамадзяне, пацярпіце! Пра ўсё на месцы дазнаецеся. На Высокім востраве.

І Фарадзеевіч, акружаны юннатамі, выйшаў на вуліцу.

Мы, вядома, таксама прысталі да грамады.

Але тут двухметровы здаравіла дзевяцікласнік Грышка Бардадзім спатыкнуўся аб нас і загудзеў, як з бочкі:

— Ану, кыш! Круцяцца пад нагамі. Не вашага розуму справа! Кыш!

І мазнуў сваімі граблямі мяне і Яву па патыліцы.

У-у, бегемот! Ну пачакай, мы вырасцем, мы табе дадзім!

І чаго яны так насы дзяруць, гэтыя старшакласнікі? Падумаеш, мудрацы! Таксама двойкі атрымліваюць!

А на Высокі востраў мы й самі дарогу знойдзем.

Мы прыплылі туды раней за іх. Недарэмна Ява быў унукам дзеда Варавы, а я — Явіным сябрам. Мы зналі ў плаўнях такія вузенькія пратокі сярод чаратоў, якія рэдка хто ў вёсцы ведаў.

Высокі востраў — самы большы ў плаўнях. Высокім ён называўся таму, што ў яго высокія крутыя берагі. Пасярод вострава ёсць нават невялічкае азярцо, напалову зацягнутае раскай і белымі лілеямі. Уласна, гэта не возера, а затока, аддзеленая ад плёса невялічкай грэбляй. Напрадвесні, калі была вялікая паводка, Фарадзеевіч для нечага загаціў пратоку, і цяпер узровень вады ў тым азярцы быў вышэйшы за ўзровень вады ў плаўнях.