Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 23
Усевалад Нястайка
Ды што там гаварыць. Вы толькі зайдзіце да яго!
Адчыняеш фортку — і адразу з-за куста выскоквае на тычцы смешны фанерны чалавечак. Адной рукой на хаду з галавы капялюш здымае, а ў другой трымае дошчачку з надпісам: «Добры дзень! Калі ласка!»
Ідзеш па беленькай, пасыпанай рачным пясочкам дарожцы. Па правую руку — гляньце! — куст нейкі па спецыяльнай лазіне метры на два ўверх уздзёрся, і пладоў чырвоных на ім столькі, што аж у вачах мільгаціць. Вы думаеце, што гэта нейкія ягады, але гэта памідоры. Карлікавы сорт. А вось вялізная зялёная каўбасіна на зямлі ляжыць. Гэта не гарбуз, не, гэта — гурок. А буракі якія, а морква, бачылі б вы, адной морквінай бегемота забіць можна.
Па левую руку — калодзеж, белай кафляй абкладзены, як амбулаторыя. Ну, дзе вы такі калодзеж знойдзеце?
Каля калодзежа паравы рухавік на прымусе, пра які я гаварыў, і падобная на гармату тая гідрагазавая палівачка. І наогул усіх мудрагелістых штуковін і прыбудоў не палічыць.
Не, невыпадкова яго празвалі Эдысон Фарадзеевіч (на самай справе ён Антон Фадзеевіч). Але гэтая мянушка не абразлівая, вымаўляюць яе людзі лагодна, бо ўсе любяць старога.
Ён высокі, худы, кашчавы і ажно свеціцца ўвесь — валасы светлыя, бровы светлыя, павекі светлыя, — не разумееш, ці гэта ён такі бландзін, ці сівы (гадоў яму пад семдзесят), а вось вочы — блакітныя-блакітныя, ажно сінія.
Ён нетутэйшы, прыезджы, дзесьці з-пад Тамбова. «Рускі чалавек», як гаворыць дзед Салівон. Гадоў пяцьдзесят таму ён ваяваў тут, пазнаёміўся з бабай Аксанай (яна тады маладая была) і застаўся на ўсё жыццё.
Гэта добры чалавек, якога свет не бачыў.
Заўсёды ў яго можна было папрасіць усё, што хочаш, — апошняе аддасць. І ўвесь час усміхаецца. Сярдзітым бывае толькі тады, калі пабачыць парваную якім-небудзь «юным чытачом» бібліятэчную кніжку.
— Эх, — кажа ён, — і які ж гэта акадэмік чытаў! Даў бы я яму па заходнім паўшар'і.
Але ніхто не помніць, калі гэта каму-небудзь ён даў па «заходнім паўшар'і».
Дзяцей ён любіў страшэнна. Сваіх яны з бабай Аксанай не мелі — ні дзяцей, ні ўнукаў. Жылі толькі ўдваіх. І ўвесь ураджай свайго казачнага саду раздавалі нам — нават няёмка. Апошнім часам, месяцы два ўжо, баба Аксана хварэла, ляжала ў раённай бальніцы, і Фарадзеевіч праз дзень ездзіў туды. І сёння якраз паехаў — мы ведалі.
А ў гэты час Кныш...
Схаваўшыся ў кустах каля плота, мы бачым, як адчыняюцца дзверцы кабіны і адтуль вылазіць у брудных зашмальцаваных штанах Кныш, асцярожна трымаючы ў руках тую загадкавую доўгую скрынку з трубкай. Ступаючы па зямлі, як канатаходзец, ён пайшоў да форткі. Штурхнуў яе нагамі. Рраз! — фанерны чалавечак з-за кустоў: «Добры дзень! Калі ласка!» Кныш механічна кіўнуў яму, як жывому, і на ганачак. Рыпнулі дзверы (Фарадзеевіч ніколі не замыкае хату), і Кныш знік унутры.
— Хоча з дымам пусціць Фарадзеевіча, — кінуў на мяне Ява востры позірк.
— Навошта?
— Мабыць, Фарадзеевіч такое нешта вынайшаў, што там не спадабалася, — Ява шматзначна тыцнуў пальцам кудысьці ўбок — за акіян.