Читать «Станаўленне» онлайн - страница 4
Генрых Далідовіч
Дзядзька Антусь — не карэнны ніўнянец. Сям’я яго, жонка i двое дзяцей, жылі да нядаўняга часу ля нас у зямлянцы. Але дзядзька Антусь, як толькі вярнуўся з вайны, не захацеў жыць болей на хутары, схадзіў да ніўнянскага старшыні калгаса, дамовіўся з ім i пераехаў туды, уступіў у калгас i стаў працаваць на канюшні: вельмі любіў коней, ён i на вайне быў кавалерыстам.
Дзядзька Антусь, відаць, расказаў старшыні, што мой бацька каваль, бо на днях той, высокі, вусаты, у ваенным адзенні, але без пагонаў, з адным пустым рукавом, якое было заткнута за рэмень, прыязджаў да нас i ўгаворваў, каб i мы перабіраліся ў Ніўнае, прасіў бацьку працаваць кавалём, перавозіць туды i нашу «кузеньку», агораную ўсёй бацькавай раднёю яшчэ да вайны.
Я слухаў i глядзеў на старшынёву, некалі зялёную, а цяпер пабялелую, гімнасцёрку з медалямі, здзіўляўся, як ix многа, з зайздрасцю аглядаў яго выцвілую фуражку, на якой не было зорачкі, а бачылася толькі на яе месцы плямінка i дзірачка. Старшыня быў заклапочаны, худы, зусім не смяяўся, пільна глядзеў на бацьку i гаварыў: «Каваль нам надта трэба, бо даюць трактар, сеялкі, плугі, a правіць ix няма каму, бо ўсе кавалі нашы на вайне паклалі галовы… А ты што тут, на хутары, будзеш рабіць i што заробіш? Хутаранец многа табе не заплаціць, калі ты яму які серп склеплеш».
Бацька згадзіўся, што тут яму няма чаго рабіць i заработкі малыя, ён не супроць працаваць у іхняй калгаснай кузні. Ведаў, што там яму будзе «разгарненне», але бедаваў, што тут у яго стаіць яшчэ дзедава хата, i будзе многа клопатаў, калі яе раскідаць, перавезці, злажыць: паспрабуй крані толькі — пасыплецца ўся. А памагчы надта няма каму: сваякі самі будуюцца. Ды ўвогуле мужчын мала, усе будуюцца, не хочуць жыць у зямлянках.
— Можа, буду хадзіць пакуль што да вас на работу, калі прымеце, — сказаў бацька. — Тут недалёка, вярсты тры. А кузню перадам ужо свайму калгасу, бо i ў нас жа, відаць, скора будзе…
Старшыня шкадаваў, што не можа цяпер памагчы пераехаць i пабудавацца, хоць бы, гаварыў, ніўнянскім уловам агораць якія хаціны, але прасіў прыходзіць i кавальнічаць.
Я, калі бываў у Ніўным, то спярша заварочваў на кашошню, да дзядзькі Антуся. Памагаў яму карміць коней — разносіў па загарадках сена, вотруб’е, найболей стараўся даць чаго-небудзь смачненькага жарабяткам, але дзядзька не дапускаў да ix: баяўся, каб мяне не ўбрыкнулі кабылы. Даваў мне лёгкую работу: прайсці па калідоры i пазакладаць жэрдкі ў стойлах, a ў загарадках самых памаўзлівых коней забіць над жэрдкамі ў дзюркі калочкі.
Вечарамі, калі быў у канюшні, дзядзька садзіў мяне на рахманага Ангора, i мы ганялі на раку паіць коней. Пакуль коні вярталіся — ішлі яны панурыя, цяжкія ад вады, апусціўшы галовы, не брыкаліся i не гулялі, як хвілін колькі таму, — валасы ля пыс абмярзалі, звісалі тоненькімі лядзяшкамі, якія дакраналіся адна да адной i ціхенька пазвоньвалі…